Усе навіны

Нарвегія, Швецыя, Ісландыя, Фінляндыя і Данія выступілі супраць допуску расіян і беларусаў да міжнародных спаборніцтваў

7 лютага 2023, 16:32
2

Алімпійскія і Паралімпійскія нацыянальныя камітэты Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі, Фінляндыі і Даніі выступілі з агульнай заявай супраць патэнцыйнага вяртання спартсменаў з Расіі і Беларусі ў міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы.

«1. Сітуацыя ва Украіне не змянілася.

2. Мы цвёрда стаім на сваёй пазіцыі не даваць расейскім і беларускім спартоўцам і афіцыйным асобам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.

3. Цяпер не лепшы час, каб разглядаць іх вяртанне. Гэта нашая пазіцыя.

4. Мы карыстаемся гэтай магчымасцю, каб запэўніць у нашых непарушнай падтрымцы ўкраінскага народа і патрабаванні да міру.

5. Паўночныя алімпійскія і паралімпійскія камітэты і спартыўныя канфедэрацыі будуць працаваць разам і ў цесным дыялогу з зацікаўленымі бакамі для ацэнкі і пастаяннага ўважлівага маніторынгу сітуацыі», – гаворыцца ў заяве.

Раней супраць вяртання расіян і беларусаў выступілі Польшча, Латвія, Літва і Эстонія.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.