Усе навіны

Баскаў, Багдановіч, кіраўніца ездавога спорту і бацька прэс-сакратара АБФФ увайшлі ў камісію па зваротах беларусаў, якія лічаць сябе парушальнікамі правілаў рэжыму Лукашэнкі

7 лютага 2023, 20:31

7 лютага быў апублікаваны склад камісіі, створанай кіраўніком рэжыму Лукашэнкі для разгляду зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца па-за межамі краіны, хочуць вярнуцца ў рэжымную Беларусь, але пры гэтым ведаюць, што ў сувязі са «значнымі грамадска-палітычнымі падзеямі» у перыяд з 1 студзеня 2020 года да 6 лютага 2023 года нейкім чынам парушылі правілы рэжыму, якія сам рэжым называе артыкуламі адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў.

У рэжымную камісію да 31 снежня 2023-га можна накіраваць зварот па звычайнай ці электроннай пошце, дзе трэба прапісваць, у прыватнасці, прычыны ад'езду з Беларусі і спіс парушэнняў рэжымных правілаў, за якія грамадзянін чакае рэжымнага суда над сабой у выпадку вяртання ў Беларусь, а таксама гарантаваць ад свайго імя ў будучыні выкананне ўсіх рэжымных правілаў, павагу да дзяржсімволікі, актыўнае выкананне жаданняў рэжыму, якія сам рэжым называе «грамадзянскім абавязкам», публічныя прабачэнні і кампенсацыю, калі рэжым абвесціць пра прычыненне яму шкоды грамадзянінам, у памеры, які вызначаецца рэжымам. Таксама грамадзянін можа знайсці асабістых паручыцеляў перад рэжымам.

Максімальны тэрмін разгляду звароту рэжымнай камісіяй – тры месяцы. Камісія можа адказаць грамадзяніну, што на яго не заведзеная спраў сілавікамі рэжыму, ці што па справе на грамадзяніна можна змякчыць / адмяніць рэжымнае пакаранне, ці што справу можна цалкам спыніць. У выпадку атрымання аднаго з гэтых адказаў грамадзянін абавязуецца на працягу трох месяцаў прыбыць у рэжымную Беларусь, дзе рэжымныя рашэнні наконт лёсу грамадзяніна павінны будуць узгадняць з рэжымным генпракурорам. Таксама камісія можа проста праінфармаваць грамадзяніна, у чым рэжым яго абвінавачвае, калі камісія не лічыць магчымым мяняць рэжымнае пакаранне.

У рэжымную камісію ўвайшло 29 членаў, для паседжання патрэбна прысутнасць хаця б 15 членаў. Рашэнні прымаюцца простай большасцю галасоў і з'яўляюцца канчатковымі. Пры роўнасці галасоў вырашае старшыня, якім стаў рэжымны генпракурор Андрэй Швед.

У склад камісіі таксама ўвайшлі:

– Дзмітрый Баскаў, трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі, непрызнаны МАК член НАК Беларусі, экс-кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі, які пакінуў пасаду ў 2021-м з-за пяцігадовага бана ІІХФ за палітычны ціск на падначаленых, які ў 2020-м знаходзіўся на Плошчы Перамен у момант нанясення смяротных пабояў мясцоваму жыхару Раману Бандарэнку;

– Аляксандр Багдановіч, кіраўнік ФХБ, падпісант за Лукашэнку;

– Ганна Харута, кіраўнік федэрацыі ездавога спорту, арганізатар прарэжымных аўтапрабегаў і іншых мерапрыемстваў;

– Сяргей Алейнік, міністр замежных спраў Лукашэнкі, бацька прэс-сакратара АБФФ Аляксандра Алейніка;

– прапагандысты дзяржСМІ Іван Эйсмант, Марат Маркаў, Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, Яўген Пуставы.

Поўны склад рэжымнай камісіі з указаннем рэжымных пасад можна ўбачыць па спасылцы ніжэй.