Усе навіны

«Суд» экс-кіраўніка федэрацыі рэгбі Данілевіча пачнецца 10 сакавіка

16 лютага 2023, 12:33

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», 10 сакавіка ў рэжымным судзе па Менску пройдзе першае паседжанне па справе экс-кіраўніка федэрацыі рэгбі, спартовага адваката Аляксандра Данілевіча.

Рэжымным суддзёй выступіць Таццяна Фалькоўская. Раней яна дала 8 гадоў калоніі журналістцы Ксеніі Луцкінай за спробу стварыць грамадскае тэлебачанне з непажаданымі рэжыму навінамі і перадачамі. Акрамя таго, Фалькоўская з'яўляецца рэжымнай суддзёй па справе журналіста Генадзя Мажэйкі, якога сілавікі Лукашэнку трымаюць за кратамі за інтэрв'ю са станоўчай характарыстыкай трыатланіста Андрэя Зельцэра, які загінуў пры нападзе на сваю кватэру рэжымных сілавікоў без апазнавальных знакаў, застрэліўшы аднаго з іх. Мажэйку абвінавачваюць таксама ў агітацыі супраць рэжыму і нібыта абразе Лукашэнкі ў публічным выступе, хаця ёсць сведчаньні, што гэта выступ іншага чалавека.

Нагадаем, што раней падначалены рэжыму следчы камітэт раскрыў некаторыя дэталі па дадзенай справе.

Сцвярджаецца, што Данілевіч «актыўна раіў і садзейнічаў працэсам фарміравання публічных заклікаў да санкцый у дачыненні да юрыдычных і фізічных асоб у Беларусі», увядзення якіх патрабаваў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Асобна вылучаюць «падрыхтоўку лістоў і дакументаў» у адрас нарвежскай кампаніі Yara, якая, нягледзячы на заклікі спыніць супрацоўніцтва з рэжымнымі кампаніямі, працягвала закупляць прадукцыю «Беларуськалія». Таксама рэжымная структура прыпісвае Аляксандру спробу «палітызаваць спорт» і абвінавачвае ў «адкрытых зносінах з рэсурсамі», якія рознымі спосабамі спрабуе забараніць на тэрыторыі Беларусі.

У адрас Данілевіча ў выніку сфармулявалі абвінавачанні па ч. 3 арт. 361 (апісвае пакаранне за заклікі да санкцый у выглядзе да 12 гадоў пазбаўлення волі) і ч.1 арт. 361-4 (апісвае пакаранне за садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці» ў выглядзе да 6 гадоў пазбаўлення волі) КК.

Нагадаем, што Данілевіч быў затрыманы ў Беларусі 21 траўня 2022 года і з таго часу знаходзіцца за кратамі. Ён узначальваў Беларускую федэрацыю рэгбі з 2012 па 2016 гады. Як юрыст прыцягваўся ў якасці арбітра да разбору спраў у міжнародным Спартыўным арбітражным судзе. У 2020-м абараняў шэраг спартоўцаў, на якіх у Беларусі заводзілі адміністрацыйныя справы. У 2022-м падпісаў зварот беларускіх адвакатаў і юрыстаў супраць вайны ва Украіне.