Усе навіны

Прызёр чэмпіянату Еўропы Шэршань: «Атрымліваецца, Мірончык-Іванова паедзе на Алімпіяду, а такія ж беларускія атлеты не паедуць? Яна выступала за Лукашэнку, і яе могуць дапусціць, а сумленныя людзі застануцца за бортам»

17 лютага 2023, 22:37

Дзюдаіст, прызёр чэмпіянату Еўропы Дзмітрый Шэршань падзяліўся меркаваннем аб магчымым допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

– Дапусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў на Алімпіяду магчыма, але з некаторымі ўмовамі. Трэба, каб усе беларусы і расіяне, хто будзе там удзельнічаць, паказалі сваю пазіцыю ў дачыненні да вайны. Пра тое, каб быў сцяг, гімн і герб, гаворкі ўвогуле няма, санкцыі ніхто не адмяняў. Расійскі і беларускі рэжымы люстраныя, яны выкарыстоўваюць спорт не для, напрыклад, аздараўлення нацыі, а ў выразна прапагандысцкіх мэтах, жадаюць за кошт спорту прасоўваць сваю палітыку на сусветным узроўні. Гэтага нельга дапусціць.

Я лічу, што трэба казаць не толькі пра вайну, бо рэжым Лукашэнкі не менш людажэрскі. Трэба прапрацоўваць механізмы, як ім можна паказаць сваю пазіцыю, адзін з варыянтаў – антываенная дэкларацыя ад Фонду спартовай салідарнасці і свабоднага аб’яднання спартсменаў.

Разумею, чаму Украіна гатовая байкатаваць Гульні, калі там будуць расіяне і беларусы, але не хацелася б, каб гэта ўсё скончылася байкотам. Калі на Гульні паедуць расіяне, а ўкраінцы не паедуць, гэта будзе няправільная сітуацыя. Так што самы аптымальны варыянт – гэта калі на Алімпіядзе будуць атлеты з выразнай антываеннай пазіцыяй.

Гэта датычыць і маўчуноў, і тых, хто сістэматычна выступае за рэжым. Яны падтрымліваюць рэжым, а рэжым падтрымлівае вайну, адпаведна яны падтрымліваюць вайну. Хай скажуць: не, мы супраць лініі партыі, мы не ідзём у нагу з Лукашэнкам і Пуціным. Тады паглядзім.

Цяпер разглядаецца магчымасць выступу беларускіх і расійскіх атлетаў, прапрацоўваюцца механізмы, як гэта зрабіць. Але некаторыя беларускія спартсмены, у тым ліку і я, у свой час паўсталі супраць дыктатуры, і мы не маем магчымасці далей выступаць, трэніравацца. Калі мы ўсе ў роўных умовах, калі дзейнічаюць прынцыпы алімпізму, то што з намі рабіць?

Мы выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і за гэта пацярпелі, нас выгналі з краіны, кагосьці пасадзілі, нам давялося заканчваць спартовыя кар’еры. Атрымліваецца, зараз Мірончык-Іванова паедзе на Алімпіяду, а такія ж беларускія атлеты не паедуць? Яна маўчала, выступала за Лукашэнку, і яе могуць дапусціць, а сумленныя людзі застануцца за бортам. Хацелася б пачуць наконт гэтага нейкае меркаванне ад МАК, – сказаў Шэршань.