Усе навіны

Урады больш за 30 краін выступілі супраць зняцця бана з беларусаў і расіян да тлумачэння МАК паняцця нейтральнасці

20 лютага 2023, 21:30

Урады звыш 30 краін звярнуліся ў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) наконт вызначэння паняцця нейтральнасці атлетаў з РФ і Беларусі ў выпадку іх вяртання на спаборніцтвы, паведамляе The Assosiated Press.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Пакуль фундаментальныя пытанні і адсутнасць выразнасці і канкрэтыкі ў дэталях адносна таго, як будзе працаваць мадэль «нейтральнасці» не вызначаны, мы не згаджаемся з тым, што расійскіх і беларускіх атлетаў трэба вяртаць да спаборніцтваў», – гаворыцца ў лісце МАК.

Сярод тых, хто падпісаў ліст, былі афіцыйныя асобы ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Канады і Германіі, Польшчы, Латвіі, Эстоніі і Літвы.

Ліст стаў вынікам саміту ў Лондане, праведзенага паміж лідарамі ўрадаў. Падчас гэтай сустрэчы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскім спартсменам не месца на Гульнях у Парыжы, пакуль працягваецца ўварванне краіны ва Украіну.