Усе навіны

Дзённыя максімумы выдаткаў на харчаванне дзяцей у спартыўных лагерах павялічылі на 0,56–1,78 рубля

19 сакавіка 2023, 12:34

У Беларусі павялічылі дзённыя максімумы расходаў на харчаванне дзяцей у спартыўных лагерах на 0,56–1,78 рубля (0,20–0,62 долара).

Змены ўвядуць з 1 чэрвеня 2023-га. Да гэтага будуць дзейнічаць нормы, якія ўвялі з 1 чэрвеня 2022 года.

Найбольшае павышэнне закранула 14-17 летніх, якія праходзяць спартыўную падрыхтоўку ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем: цяперашняя норма складае да 17 рублёў 4 капеек, новая – да 18 рублёў 82 капеек.

Менш за ўсё павысілі максімум для дзяцей 6-7 гадоў са спартыўнай падрыхтоўкай у лагеры з дзённым знаходжаннем: было да 5 рублёў 39 капеек, стала – да 5 рублёў 95 капеек.

Адзначым, афіцыйны ўзровень інфляцыі ў Беларусі за 2022 год склаў 12,8%.