Кныровіч пра справу TUT.BY: «Нічога больш і не будзе – ні партала, ні БАТЭ, які б'е «Баварыю» ў Лізе чэмпіёнаў. Запіце вадой»
Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч падзяліўся меркаваннем аб «прысудзе» па справе TUT.BY, паводле якога галоўрэдка партала Марына Золатава і гендырэктарка Людміла Чэкіна атрымалі па 12 гадоў калоніі.
Нагадаем, рэжым Лукашэнкі абвінаваціў Чэкіну ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў», «распальванні сацварожасці» і «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі».
Золатавай, журналісткам Вользе Лойка і Алене Талкачовай ставяць у віну «дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў», «распальванне сацварожасці» і «заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі». Юрыдычнага кансультата Кацярыну Ткачэнку, акрамя «дапамагання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў», таксама абвінавачваюць у «грубым парушэнні парадку». Раней Лойку, Талкачову і Ткачэнку вызвалілі з-пад варты, яны пакінулі Беларусь.
– 12+12+10+10 Два дні не магу нічога напісаць.
Нічога трагічнага, прыгожага, любога. Нічога.
Разважаць пра нейкія падставы прысуду – зусім бессэнсоўна.
Гэта – помста, і гэта – запалохванне тых, хто яшчэ застаўся.
Так ужо было ў нашай гісторыі, каля 100 год таму.
Толькі тады - стралялі. Проста – забівалі фізічна.
Дэкарацыі, сюжэт – тыя ж. Без паўтонаў.
Ёсць розніца.
Тады – купка людзей незаконна захапіла і ўтрымлівала ўладу з дапамогай гвалту ў вялікай краіне.
Цяпер – купка людзей, незаконна ўтрымлівае ўладу ў краіне крыху менш.
У чым розніца?
Тады была хаця б ідэалогія, усё рабілася дзеля «светлай будучыні ўсяго чалавецтва» – камунізму. Яго не здарылася, але было хаця б што прад'явіць у выглядзе адказу на пытанне навошта?
Цяпер, адзіная мэта – захаванне асабістай улады аднаго малаадукаванага грамадзяніна. Усё. Аргументацыя скончылася. Больш там нічога і не.
Нічога больш і не будзе.
Ні TUT.БАЯ, ні БАТЭ, які б'е «Баварыю» ў Лізе чэмпіёнаў, ні Naviband на Еўрабачанні і сесіі ПАРЕ ў Мінску. Гісторыя скончылася. Запіце вадой.
А будзе? Азаронак і нявестка Лукашэнкі – як аўтар найлепшай песні Беларусі. Ганна Сялук. Аўтар незабыўных паэтычных радкоў: «За намі праўда, за намі род, // І Бог над намі і ў нашых душах. // А мы, славяне, – адзін народ. // І няма зямлі на Зямлі ўсёй найлепш». Усё. Вось такая зараз беларуская паэзія. Яшчэ і выключна на рускай мове. Бяда адна не ходзіць.
Той Беларусі, якую мы так любілі – больш няма.
Ці надоўга? Бог ведае.
Планаваць нічога не даводзіцца.
Застаецца толькі верыць.
У праўду, розум, прыгажосць, інтэлігентнасць. У сэнсы.
У сістэму каштоўнасцяў, пра якую быў і ТУТ.БАЙ і іншыя цяперашнія «злачынцы», «экстрэмісты», «тэрарысты», – сказаў Кныровіч.