Усе навіны

Расійскім спартсменам дазволілі выступаць пад сваім флагам і гімнам на Гульнях краін Баліварыянскага альянсу (ТАСС)

22 сакавіка 2023, 14:56

Расійскае выданне ТАСС, спасылаючыся на прэс-службу Мінспорту Расіі, паведамляе, што расійскія спартсмены будуць выступаць пад сваім сцягам і гімнам на Гульнях краін Баліварыянскага альянсу.

Расіяне прымуць удзел у спаборніцтвах па боксе, пляжным валейболе, каратэ, настольным тэнісе, скачках на батуце, цяжкай атлетыцы і мастацкай гімнастыцы.

Гульні пройдуць у Венесуэле з 21 па 29 красавіка, усяго ўдзельнікамі стануць 3,5 тысячы спартсменаў з 11 краін.

У Баліварыянскі альянс уваходзяць наступныя краіны: Балівія, Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Садружнасць Дамінікі, Антыгуа і Барбуда, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Сэнт-Люсія, Грэнада, Сэнт-Кітс і Нэвіс.

Нагадаем, што многія расійскія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.