Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Найбольш рэальным варыянтам бачыцца тое, што спартоўцы, якія падтрымліваюць рэжымы, будуць выступаць пад нейтральным сцягам, а тых, хто супраць Пуціна і Лукашэнкі, аб'яднаюць у асобную каманду»

24 сакавіка 2023, 20:40

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін расказаў пра найбольш верагодны варыянт допуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Якой рэакцыі вы чакаеце ад спартсменаў, якія пацярпелі за сваю пазіцыю і зараз не могуць спаборнічаць?

– Мы працуем з МАК над важным пытаннем, вырашаем, як такім атлетам спаборнічаць, праходзіць кваліфікацыю, дзе ўдзельнічаць, пад якім сцягам, у якой камандзе. Думаю, пасля выканкама алімпійскага камітэта гэты момант будзе вырашана.

– Як лічыце, ці будзе МАК наогул разбірацца, хто са спартоўцаў падтрымлівае вайну, а хто не?

– Думаю, будзе. Хутчэй за ўсё створаць адмысловую камісію, куды можна будзе накіроўваць сведчанні падтрымкі вайны ад спартоўцаў.

– Ці можа здарыцца так, што спартсмены розных грамадзянскіх пазіцый у выніку будуць выступаць побач на адных спаборніцтвах, але пад нейтральным сцягам?

– Найбольш рэальным варыянтам бачыцца тое, што спартоўцы, якія падтрымліваюць рэжымы, будуць выступаць пад нейтральным сцягам, а тых, хто супраць Пуціна і Лукашэнкі, аб'яднаюць у асобную каманду. І калі яны сустрэнуцца на адных спаборніцтвах, то дакладна не будуць выступаць разам пад нейтральным сцягам і ў нейтральным статуце.

– Не думаеце, што рашэнне МАК аб допуску зборных Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў можа быць успрынята спартсменамі, якія пацярпелі за сваю пазіцыю, як нейкае паражэнне ў барацьбе за свае правы?

– Збольшага можа. І зразумела, што гэта выклікае нейкае расчараванне ў вызначанай часткі спартоўцаў. Але гэта не азначае, што трэба спыняць камунікацыю з МАК. Перш за ўсё таму, што неабходна дабівацца вырашэння пытання допуску да спаборніцтваў атлетаў, якія пацярпелі за сваю пазіцыю. Калі ўжо камітэт раіць дапускаць беларусаў і расіян, то, будзьце добрыя, дапускайце ўсіх, у тым ліку і тых, хто супраць рэжымаў. Адных – пад нейтральным сцягам, другіх – у нейкім іншым статусе. І вось над гэтым пытаннем мы таксама працуем.

Ну а пакуль заклікаю да рашэння МАК ставіцца спакойна. Яно можа змяніцца дзесяць разоў. Самае цікавае яшчэ наперадзе, – сказаў Апейкін.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.