Усе навіны

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці правёў працоўны тыдзень у Вашынгтоне

14 красавіка 2023, 18:31

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці правёў працоўны тыдзень у Вашынгтоне. Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін разам з калегамі пад час візіту ў сталіцу ЗША правёў працоўныя сустрэчы з: прадстаўнікамі офісу сенатара Крыса Ван Холена ад штату Мэрылэнд, прадстаўнікамі офісу сенатара Дыка Дзёрбіна ад штату Ілінойс, прадстаўнікамі офісу сенатара Джын Шахін ад штату Нью-Гэмпшыр.

14 красавіка, адбыліся працоўныя сустрэчы з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, якія адказваюць за накірункі Беларусі, Расiі, Еўропы, культуры і адукацыі, публічнай і спартыўнай дыпламатыі. Падчас сустрэч былі абмеркаваны пытанні як міжнароднага спорту, так і ўнутрыпалітычныя праблемы Беларусі і беларускага грамадства.

У прыватнасці, з боку БФСС былі агучаны крытычная пазіцыя адносна апошняга рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта датычна допуску беларускіх і расiйскіх атлетаў па прапанаваных крытэрыях.

БФСС патрабуе ўзмацнення крытэрыяў і паслядоўна выступае за ўвядзенне Антываеннай дэкларацыі атлетаў як абавязковай умовы допуску, заклік да падтрымкі беларускіх вольных атлетаў і вольнага спартыўнага руху, заклік да падтрымкі Украіны і ўкраінскіх атлетаў, якія церпяць ад расiйскай вайсковай агрэсіі.

Падтрымка маладых украінскіх атлетаў як праз стыпендыі, так і праз адмысловыя адукацыйная праграмы. Падтрымка ўкраінскіх партнёраў БФСС.

Апроч спартыўных пытанняў былі закрануты праблемы вызвалення беларускіх палітвязняў, распаўсюду ядзернай зброі ў Беларусі, пагроза страты незалежнасці Беларусі.

Асобна на кожнай сустрэчы было ўзнята пытанне палітычнага прысуду адвакату Аляксандру Данілевічу. Па словах выканаўчага дырэктара фонду Аляксандра Апейкіна, БФСС прыкладзе ўсе намаганні для вызвалення адваката і арбітра CAS Аляксандра Данілевіча з-за кратаў.