Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Нельга забараняць спартоўцу ўдзел у спаборніцтвах толькі праз тое, што ён мае расійскі ці беларускі пашпарт, ці нацыянальнасць»

26 красавіка, 20:29

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін падзяліўся меркаваннем пра магчымы допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Камітэт ПАСЕ выступіў супраць допуску беларусаў і расіян да Алімпіяды-2024. Прэзідэнт ПАСЕ Ціні Кокс адзначыў, што «допуск расійскіх і беларускіх спартсменаў супярэчыць місіі алімпійскага руху па садзейнічанні міру». «Гэта будзе служыць прапагандысцкім мэтам агрэсара», – сказаў ён.

– Заява камітэту ПАСЕ – гэта толькі заява. Будзем казаць, што гэта чыста медыйны крок, які па факце ні да чаго не прывядзе. Беларускіх і расійскіх атлетаў ужо дапусцілі, і гэтае рашэнне МАК наўрад ці зменіцца. Фактычна ад пачатку вайны было відавочна, што татальнага бану на ўдзел не будзе. Адзінае, што могуць рабіць праваабарончыя арганізацыі, спартыўныя кааліцыі, Фонд спартыўнай салідарнасці, украінскія партнёры – гэта працаваць над крытэрыямі доступу. З нашага пункту гледжання, гэтым крытэрыем павінна быць вось такая канкрэтна акрэсленая антываенная пазіцыя атлета – падпісанне антываеннай дэкларацыі. У такім выпадку атлеты могуць браць удзел у спаборніцтвах.

Размова ідзе не пра нацыі, разумееце? Сапраўды, нельга забараняць спартоўцу ўдзел у спаборніцтвах толькі праз тое, што ён мае расійскі ці беларускі пашпарт, ці нацыянальнасць.

Справа ў тым, што алімпійскія гульні і міжнародны спорт – гэта пра каштоўнасці. Калі атлеты падзяляюць каштоўнасці міру, свабоды, цывілізаванага свету, яны натуральна, незалежна ад сваёй нацыянальнасці, маюць права браць удзел у спаборніцтвах. Гэта агульначалавечыя рэчы, таму мы выступаем за, можа, і жорсткія, але канкрэтныя крытэрыі доступу. Я думаю, што гэты працэс дасягне сваёй мэты. Так ці інакш, гэта даволі станоўчая з’ява.

– Кіраўнік НАК Беларусі Віктар Лукашэнка даў зразумець, што будзе дабівацца ўдзелу беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах без абмежаваняў.

– Дамагацца можна, але ці атрымаецца дамагчыся? Не, што тычыцца ўмоваў удзелу беларускіх атлетаў у алімпійскіх гульнях, ніякіх зменаў не будзе. Гэта сто адсоткаў. Наадварот, могуць адбыцца больш жорсткія змены ў адваротны бок у плане крытэрыяў. Але наўрад ці будуць нейкія палягчэнні ці зняцце абмежаванняў. Гэта малаверагодна, – сказаў Апейкін..

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту. 28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.