Усе навіны

Сяргей Кавальчук: «Мы сваім прыкладам паказваем, як трэба сябраваць. Спартсмены – носьбіты міру на Зямлі»

9 траўня, 18:30

Так званы міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук выказаўся пра магчымы допуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

«Разумны сэнс сёння пачынае браць верх, улічваючы, што былі прынятыя рашэнні пра адмену [санкцый]. Маё меркаванне, каб прыгожа выйсці з гэтай сітуацыі, пачынаюць паволі прымаць рашэнні па допуску нашых спартсменаў да спаборніцтваў па многіх відах спорту. Мы займаем пазіцыю, што спорт па-за палітыкай, спорт павінен аб'яднаць людзей. Эмоцыі павінны выяўляцца на спартовых пляцоўках. Асноўныя прынцыпы сучаснага спорту і наша хартыя алімпійскага руху гаворыць пра тое, што войны спыняюцца, канфлікты спыняюцца і трэба высвятляць адносіны толькі на спартыўных пляцоўках.

Мы сваім прыкладам паказваем, як трэба сябраваць, выбудоўваць правільна адносіны. Спартсмены гэтую ж лінію павінны праводзіць у сваіх відах спорту. Людзі павінны сябраваць і размаўляць. Спорт створаны для міру і аб'яднання людзей. Я думаю, што практычна ва ўсіх відах спорту гэтыя рашэнні (пра допуск на міжнародныя спаборніцтвы – Tribuna.com) будуць да часу «ч», скажам, за год да Алімпійскіх гульняў. Спадзяюся, што рашэнні будуць станоўчымі ў адносінах да нашых спартсменаў. Таму што спартоўцы – яны носьбіты ў першую чаргу міру на Зямлі», – сказаў Кавальчук.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.