Усе навіны

Кавальчук пра бан: «Думаю, розум пераможа эмоцыі ў чыноўнікаў ад спорту. У іх бардак у галаве»

30 траўня, 10:27

Міністр спорту рэжыму Лукашэнкі Сяргей Кавальчук падзяліўся меркаваннем пра тое, ці змогуць беларускія спартсмены выступіць на Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы.

«Думаю, што атрымаецца [паехаць на АГ-2024], упэўнены нават у гэтым.

На сённяшні дзень у 20 відах спорту ў рознай ступені ў нас дапушчаны спартсмены да ўдзелу ў міжнародных стартах.

Ну, я думаю, розум возьме ўверх над эмоцыямі і ў чыноўнікаў ад спорту, і будуць прыняты правільныя рашэнні. Яны самі не ведаюць, што рабіць і як у гэтай сітуацыі рабіць. І мы бачым на прыкладах розных відаў спорту: у адных абмежаваннях, у іншых гэтых абмежаваннях няма, у адных дапускаюць, іншых не дапускаюць – у іх бардак у галаве, калі простай мовай.

Зноў жа, пазіцыя нашага кіраўніцтва дзяржавы ў тым, што спартовец… ён… «спорт па-за палітыкай». Мы сёння на пляцоўках спартовых павінны аб'ядноўваць людзей. І сёння мэта спорту – заклікаць людзей да міру, да дружалюбных адносін і сябраваць адзін з адным павінны, а не высвятляць нейкім чынам адносіны недзе на нейкіх іншых пляцоўках.

Таму спорт сёння служыць для аб'яднання людзей. І мы гэта ўсяму свету паказваем, у тым ліку Рэспубліка Беларусь», – сказаў Кавальчук.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.