Усе навіны

Водналыжнік Шпак аб вайне ва Украіне: «Цяпер ёсць разуменне, што могуць расіяне, а што – мы. Нават стала спакайней – упэўнены на 100 %, што пераможам»

6 чэрвеня, 13:41

Беларускі вадналыжнік Сцяпан Шпак, які з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі вымушана пераехаў ва Украіну, расказаў Telegram-каналу «О, спорт! Ты – мир!» пра сваю ўпэўненасць ў тым, што Украіна выйдзе пераможцам з вайны з Расіяй.

– Як адрозніваецца ваш цяперашні ўнутраны стан ад таго, што было ў пачатку вайны?

– Скажу адразу, адрозненні ашаламляльныя. Спачатку не было зразумела, што адбываецца, што такое вайна ў XXI стагоддзі, дакуль могуць дайсці расійскія войскі – «другое войска свету». Цяпер жа ёсць разуменне, што робіцца, што могуць расіяне, а што можам мы. Нават стала неяк спакайней, бо ёсць упэўненасць, што мы пераможам. Упэўнены ў гэтым на 100%.

– Цяпер вы стараецеся канцэнтравацца на спорце?

– Так, аддаюся спорту цалкам. Так дні хутчэй праходзяць, а, адпаведна, бліжэй да перамогі. Наша каманда хутка паедзе на спаборніцтвы ў Італію, але я застануся ва Украіне, буду працаваць са старэйшай зборнай. Мы ўсе хочам паказваць, што Украіна змагаецца, як бы ні было цяжка.

– Сваю будучыню – як спартыўнае, так і звычайнае – звязваеце з Украінай?

– На дадзеным этапе жыцця – так. Як будзе далей, пабачым. Калі казаць аб спорце, то ў мяне яшчэ год каранціну, пры гэтым я працягваю актыўныя трэніроўкі. Але на ўнутраных спаборніцтвах магу выступаць пад белым сцягам. 24 чэрвеня пройдуць чэмпіянат Украіны. А што да звычайнага жыцця, упэўнены, мы пераможам, а далей усё будзе залежаць ад саміх украінцаў – як яны гэтай перамогай распарадзяцца. Спадзяюся, што з розумам, – сказаў Шпак.