Усе навіны

Аляксандр Івулін: «Вельмі шмат сніцца «зона». Калі сон пра Беларусь, то з нейкімі пагонямі, пераследамі, затрыманнямі»

29 ліпеня 2023, 18:44

Беларускі журналіст і былы палітзняволены Аляксандр Івулін распавёў пра рэсацыялізацыю пасля выхаду з турмы.

– Я месяц быў у ЦІП, потым 10 дзён – у ІЧУ. Дык вось, першы месяц, на ЦІПе, я ведаў, што шмат рабят падтрымліваюць, шмат лістоў пішуць і гэтак далей. Але перадачы, лісты, іншыя рэчы туды не даходзяць. Прычым іх прымаюць, але ці то недзе ў каморках стаяць, ці то, вяршыня цынізму, калі дзвярэй. То бок, ты вось у камеры, а твая сумка стаіць калі дзверы. Такое вось катаванне – ты бачыш, калі выходзіш на праверку: твая сумка, але табе яе не даюць. Гэта б'е па псіхіцы. І ты думаеш: хлопцы, як так? Нас адрознівае толькі тое, што я на адным баку дзверы, вы – на другім, і мы жа беларусы, мы класненькія. Але, на жаль, так не атрымліваецца, не ўсе класненькія.

Калі перавялі на Валадарку, то было нешта неверагоднае, менавіта ў першыя дні: там гэтая «кармушка» не закрывалася, увесь час нешта перадавалі. І людзі, якіх ты не ведаеш... Ну, гэта вельмі прыемна: лісты, пасылкі. Нават нейкія мілыя рэчы з шэрагу элементарнай маленькай шакаладкі :) Гэта вельмі натхняе, бо разумееш, што ты не адзін.

– А што табе сніцца да гэтага часу. Які жах?

– Дзіўная гісторыя, таму што калі я выйшаў, першыя некалькі месяцаў было класна. Але зараз, здаецца, пачынае даганяць. З рабятамі прыкінулі, што я ўжо амаль паўгода на волі, здаецца, прыйшоў у сябе, але апошні месяц... Вельмі шмат сніцца «зона». Калі сон пра Беларусь, то з нейкімі пагонямі, пераследамі, затрыманнямі, допыты. Размаўлялі нядаўна з музыкантам, ён кажа: «Уяві, ты выйшаў, а мозг усё яшчэ сядзіць». Гэта не вельмі прыемнае пачуццё. Калі стала вядома пра смерць Алеся Пушкіна, ён сніўся.

Калі выходзіш з турмы, усё заканчваецца, пачынаецца дастаткова вялікі, доўгі працэс рэсацыялізацыі. Мне пашанцавала, што шмат людзей мне дапамагло, вялікі дзякуй ім за гэта. Таму вельмі важна рабіць такія марафоны, дапамагаць рабятам, каб не толькі калі ты знаходзішся ў турме табе дапамагалі, але і ў тым ліку калі выходзіш на свабоду, бо ідзе вельмі важны працэс вяртання да жыцця. Трэба шмат казаць пра гэты працэс рэсацыялізацыі, – сказаў Івулін.