Усе навіны

Намеснік міністра спорту Лукашэнкі Дараховіч: «Мы працуем над змяненнем календара, каб атлеты заваявалі ліцэнзіі на Паралімпіяду»

Першы намеснік міністра спорту Лукашэнкі Аляксандр Дараховіч пракаментаваў рашэнне пра допуск беларускіх спартсменаў да Паралімпійскіх гульняў 2024 года.

«Каласальная праца, якая была праведзена паралімпійскім камітэтам Беларусі, дала вынік. Для людзей, якія маюць шэраг праблем, але вельмі хочуць займацца фізічнай культурай і спортам, было зроблена вельмі вялікая справа. Я хачу падзякаваць усім прадстаўнікам краін, якія прагаласавалі за Беларусь на Генеральнай Асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэту ў Бахрэйне. Трэба падтрымліваць развіццё спорту і канкурэнцыю, каб службовыя асобы, ад якіх залежыць рашэнне, прымалі яго на карысць людзей. Летнія Паралімпійскія гульні адбудуцца з 28 жніўня па 8 верасня 2024 года, разлічваем, што нашы спартсмены прымуць удзел у такіх відах спорту, як плаванне, лёгкая атлетыка, фехтаванне на калясках і параканоэ.

Увесь гэты час наша каманда не была ў баку, паколькі Паралімпійскія камітэты Беларусі і Расіі праводзілі Сумесныя спаборніцтвы. Галоўнымі з іх сталі зімовыя і летнія гульні паралімпійцаў «Мы разам. Спорт», таксама праводзіліся адкрытыя кубкі нашай краіны і іншыя турніры. Усяго было арганізавана 20 спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі з удзелам 682 спартсменаў і 21 турнір на тэрыторыі Расіі. Нашымі атлетамі на сумесных стартах заваявана 211 медалёў, сярод іх 56 залатых. Цяпер з улікам змянення становішча мы працуем над змяненнем календара, каб нашы атлеты паспелі заваяваць Ліцэнзіі на гульні і пасля паспяхова там выступілі», – сказаў Дараховіч.