Сузаснавальнік SOS BY Гнёт: «Нам удалося тое, што не ўдалося нават палітыкам, – мы выбілі глебу з-пад ног дыктатара»
Сузаснавальнік Свабоднага абʼяднання спартсменаў (SOS BY) Андрэй Гнёт расказаў пра тое, чым займаўся ў арганізацыі, на судзе па пытанні экстрадыцыі з Сербіі ў Беларусь.
«Я стварыў лагатып, запусціў старонку ў Instagram, з'яўляюся ідэалагічным лідарам арганізацыі.
Нам удалося тое, што не ўдалося нават палітыкам, – мы выбілі глебу з-пад ног дыктатара (маецца на ўвазе ўплыў на перанос з Беларусі хакейнага ЧС-2021 – Tribuna.com).
У беларускіх турмах знаходзіцца больш за 1600 палітвязняў (па даных «Вясны», на 21 лютага такіх 1421 – Tribuna.com). У якім яны стане – мы не ведаем.
У Беларусі мяне чакаюць смяротныя катаванні. У Беларусі няма ні закону, ні абароны, ні незалежнай судовай улады. Усіх, хто выступае супраць улады, саджаюць у турму, катуюць і зневажаюць.
Я не хацеў бы мець такі ж лёс, як у [памерлага ў калоніі расійскага палітвязня Аляксея] Навальнага.
Дыктатура ў Беларусі па локаць у крыві, і маё жыццё ў вашых руках. Сербія не павінна мець кроў на руках з-за беларускіх уладаў», – заявіў Гнёт.
Нагадаем, Гнёт утрымліваецца ў турме Бялграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце з-за таго, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта па абвінавачанні ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай нагодай для памяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.
Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Ягоная дзейнасьць у SOS BY не афішавалася публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сыгнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншую пратэстную актыўнасьць, пасьля чаго пакінуў Беларусь. З-за таго, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.