Все новости

Герасіменя, Леўчанка, Дулуб, Мазуронак і іншыя прадстаўнікі белспорту заявілі вотум недаверу БФСС і яго кіраўніку Апейкіну

22 траўня, 18:57

Прадстаўнікі беларускага спорту заявілі вотум недаверу БФСС і яго кіраўніку Аляксандру Апейкіну.

«Мы, ніжэйпадпісаныя прадстаўнікі свабоднага спорту Беларусі, у 2020 годзе адкрыта выступілі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якія пацягнулі за сабой надзвычайных маштабаў гвалт рэжыму Лукашэнкі над беларусамі. Мы заклікалі да спынення гвалту, вызвалення палітычных зняволеных і правядзення сумленных выбараў.

Сотні з нас былі арыштаваныя, падвергліся крымінальнаму пераследу, катаванням і прыніжэннем, вымушаныя былі пакінуць краіну, завяршыць спартыўную карʼеру і страціць працу. Нашы блізкія і сябры дагэтуль падвяргаюцца незаконнаму ціску з боку рэжыму.

Хаця многія з нас апынуліся ў выгнанні за мяжой, мы не адступілі і працягваем змагацца да гэтага часу.

Аднак, мы вымушаныя канстатаваць, што сёння на міжнароднай арэне нас спрабуюць прадстаўляць людзі, якія не маюць або страцілі такое права.

Гэтай заявай мы выстаўляем вотум недаверу выканаўчаму дырэктару Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандру Апейкіну. Мы перакананыя, што людзі, якія пад падставай барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці, ўмешваюцца ў прыняцце важных рашэнняў і, без прадастаўлення якіх-небудзь паўнамоцтваў, выказваюцца ад імя людзей, да якіх яны не маюць дачынення, павінны несці адказнасць.

Вотум недаверу Аляксандру Апейкіну выстаўлены намі па шэрагу наступных прычын:

– Неналежнае выкананне ўзятых на сябе абавязкаў перад спартсменамі

– Распаўсюд паклёпу і правакацый у дачыненні да нашых калегаў, а таксама распаўсюд ілжывых выказванняў і маніпуляцый у супольнасцях і групах

– Невыкананне даўгавых абавязкаў, адсутнасць празрыстай фінансавай справаздачнасці ў дзейнасці на пасадзе выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці

– Прысваенне ў якасці асабістых заслуг агульных дасягненняў, не ўлічваючы ўклад калектыву і не ацэньваючы ўдзельнікаў, якія працавалі над асноўнымі праектамі, што прывяло да сыходу спецыялістаў і пераўтварэння раней магутнай структуры Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці ў неэфектыўную арганізацыю, якая жыве на дасягненнях былых членаў каманды і падтрымкі спартсменаў

– Прыняцце аднаасобнага рашэння аб сувязі спартыўнай арганізацыі з ваенным падраздзяленнем, што прывяло да супрацьпраўнага палітычна матываванага пераследу беларускіх спартсменаў, якія знаходзяцца ў краіне.

– Папулісцкія інтэрвʼю, заявы і публікацыі ў сацыяльных сетках, якія змяшчаюць рыторыку, якая падтрымлівае злачынны рэжым Лукашэнкі, падрывае ўвесь дэмакратычны рух спартсменаў.

Цяпер мы інфармуем партнёраў, зацікаўленых асоб, грамадскасць і СМІ пра тое, што ні Аляксандр Апейкін ні Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) не ўпаўнаважаны прадстаўляць інтарэсы прадстаўнікоў беларускай вольнай спартыўнай супольнасці.

Мы заяўляем, што маем намер працягваць змагацца за дэмакратычныя каштоўнасці, іх захаванне ў любой арганізацыйнай структуры і рабіць усё магчымае, каб зноў пачулі голас свабодных спартсменаў як голас грамадскай супольнасці Беларусі!», – сказана ў заяве падпісантаў.

Пад вотумам недаверу падпісаліся наступныя дзеячы беларускага спорту: Андрэй Гнёт, Святлана Кудзеліч, Вольга Сафронава, Сямён Букін, Яўген Вяроўка, Іван Ганін, Алег Дулуб, Яўген Цуркін, Сцяпан Папоў, Алена Леўчанка, Вадзім Крывашэеў, Сяргей Скіба, Аляксандра Герасіменя, Артур Удрыс, Вольга Мазуронак, Павел Шурмей, Раман Адамовіч, Аляксандр Вахавяк, Сяргей Далідовіч, Кацярына Шаркова, Святаслаў Кісялёў, Мікіта Рашэтнік, Ігар Жаваранак, Павел Сіцянкоў, Сяргей Шабанаў, Сяргей Прыжанкоў, Мікалай Шкляр, Аляксандр Букрэй, Андрэй Гунько, Васіль Вайцяховіч, Мікалай Ганчароў, Станіслаў Камінскі, Вітор Русін, Юрый Мартынаў, Віталь Аніхімоўскі, Васіль Савіч, Ігар Гарбаценка, Андрэй Карбоўскі, Дзмітрый Шэршань, Мікіта Старавойтаў, Вікторыя Мартынава, Дзяніс Парэчын.