Усе навіны

Аўстралійскіх алімпійцаў заклікаюць быць асцярожнымі з-за верагоднага згвалтавання турысткі з Аўстраліі ў Парыжы

Дэлегацыя аўстралійскай алімпійскай зборнай была паінфармаваная пра верагодны сэксуальны гвалт, якому падвергнулася аўстралійская турыстка ў Парыжы, паведамляе Inside the Games.

Па сведчанні жанчыны, якой каля дваццаці гадоў, у мінулыя выходныя яе згвалтавала група з пяці мужчын. Французскія ўлады пачалі расследаванне і падкрэслілі, што жанчыне аказалі ўсю неабходную медыцынскую дапамогу.

«Было пачата расследаванне, у нас ёсць запісы з камер відэаназірання і ДНК-доказы, якія павінны дапамагчы нам хутка вызначыць, што адбылося, і затрымаць вінаватых», – паведаміла крыніца ў міністэрстве ўнутраных спраў Францыі.

Кіраўнік аўстралійскай місіі на Алімпіядзе ў Парыжы Ганна Мірэс выказала занепакоенасць інцыдэнтам. Мірэс параіла аўстралійскім спартсменам быць асцярожнымі, пакідаючы тэрыторыю алімпійскай вёскі.

Таксама Мірэс адзначыла, што члены аўстралійскай каманды былі дакладна праінфармаваны пра меры бяспекі.

«Хоць мы не атрымалі ніякіх паведамленняў пра тое, што нашы спартсмены адчуваюць сябе ў небяспецы, мы заклікаем іх пакідаць алімпійскую вёску ў кампаніі іншых членаў каманды і насіць цывільнае адзенне замест каманднай формы», – сказала Мірэс.

Міністэрства замежных спраў Аўстраліі спрабуе пацвердзіць, ці датычная да інцыдэнту грамадзянка Аўстраліі. Спікер урадавага органа заявіў, што «амбасада Аўстраліі ў Парыжы праводзіць тэрміновыя расследаванні».

Алімпіяда-2024 пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.