Усе навіны
Вiдэа

У Парыжы запалілі алімпійскі агонь – Алімпіяду-2024 афіцыйна адкрылі

27 ліпеня 2024, 00:40

У пятніцу, 26 ліпеня, у Парыжы адбылася цырымонія адкрыцця 33-х летніх Алімпійскіх гульняў.

Беларускія і расійскія спартсмены ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця не бралі.

Яна працягвалася 4 гадзіны. Алімпійскі агонь запалілі трохразовая алімпійская чэмпіёнка па лёгкай атлетыцы Мары-Жазэ Перэк і трохразовы алімпійскі чэмпіён па дзюдо Тэдзі Рынер.

Алімпійскі агонь быў створаны ў выглядзе паветранага шара. Гэта даніна павагі першаму палёту на паветраным шары, напоўненым вадародам, які адбыўся ў Парыжы ў 1783 годзе.

Гэта была першая ў гісторыі цырымонія, якую правялі па-за алімпійскім стадыёнам. Нацыянальныя каманды праплылі на лодках 6 кіламетраў па рацэ Сена.

Гульні стануць першымі, на якіх будзе аднолькавая колькасць спартоўцаў сярод мужчын і жанчын.

На Алімпіяду накіраваліся 17 беларускіх спартсменаў, якія выступяць у нейтральным статусе.

Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі. Магчымасць допуску AIN да Гульняў вызначала спецыяльна створаная МАК камісія AINERP.

Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.