Даныя Гнёта выдаленыя з сістэмы Інтэрпола
Інтэрпол выдаліў са сваёй сістэмы даныя беларускага рэжысёра і сузаснавальніка SOS BY Андрэя Гнёта.
Як паведаміў юрыст Вадзім Драздоў, такое рашэнне было прынята 5 жніўня. Паводле яго слоў, ні адна краіна больш не зможа затрымаць Гнёта на запыт Беларусі.
Зрэшты, Гнёт працягвае знаходзіцца ў Сербіі пад хатнім арыштам, дзе чакае апеляцыю на рашэнне вышэйшага суда Сербіі аб экстрадыцыі ў Беларусь.
Нагадаем, што Гнёт утрымліваўся ў турме Белграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце праз тое, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта паводле абвінавачвання ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай падставай для змяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.
Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Яго дзейнасць у SOS BY не афішавалася Публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сігнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншай пратэстнай актыўнасці, пасля чаго пакінуў Беларусь. Праз тое, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем» Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.