Усе навіны

Рашэнне апеляцыйнага суда Сербіі па справе сузаснавальніка SOS BY Гнёта будзе вядома на працягу месяца

27 жніўня 2024, 22:19

27 жніўня ў апеляцыйным судзе Сербіі прайшло паседжанне па справе сузаснавальніка Свабоднага аб'яднання спартоўцаў (SOS BY) Андрэя Гнёта.

Як паведамляе N1, у суда ёсць тэрмін у 30 дзён для прыняцця рашэння аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.

Абвінавачанне настойвае на тым, што ўмовы для выдачы Гнета Мінску выкананы.

Сам Гнёт паўтарыў у судзе, што не ўчыняў крымінальнага злачынства.

Нагадаем, што Гнёт утрымліваўся ў турме Белграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце праз тое, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта паводле абвінавачвання ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай падставай для змяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.

Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Яго дзейнасць у SOS BY не афішавалася Публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сігнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншай пратэстнай актыўнасці, пасля чаго пакінуў Беларусь. Праз тое, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем» Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.