Усе навіны

Беларускім і расійскім паралімпійцам не падарылі тэлефоны ад фундатара на гульнях у Парыжы («Матч ТБ»)

Беларускія і расійскія спартоўцы не атрымалі тэлефонаў у падарунак ад фундатара Паралімпіяды ў Парыжы.

Гэта адбылося ўпершыню за час удзелу атлетаў у Паралімпіядзе. «Гэта першая Паралімпіяда, на якой расіянам гэтага тэлефона не далі. Не атрымалі яго і беларусы. Хоць усе іншыя спартоўцы былі гэтымі мадэлямі тэлефонаў узнагароджаны. Атрымвалі іх і расіяне на Паралімпіядзе‑2020 у Токіа. Вядома, мы гэтай гісторыяй зачэплены. Гэта вельмі крыўдна. Мы хадзілі нават у офіс гэтага фундатара, як нам параілі, але там толькі разводзяць рукамі», — паведамляе «Матч ТБ». Адзначым, што па традыцыі ўсе ўдзельнікі Гульняў атрымваюць у падарунак тэлефон апошняй мадэлі ад галоўнага фундатара‑вытворцы. У Парыжы гэта кампанія Samsung. Напомнім, што Паралімпійскія гульні скончацца ў Францыі 8 верасня. На дадзены момант на рахунку беларусаў шэсць залатых медалёў — усё ў плаванні. Пяць разоў перамагаў Ігар Бокій, яшчэ адна на рахунку Ягора Шчалканава.