Прэзідэнт Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны пра сустрэчу Баха з генсекам НАК Беларусі: «Калі раней ён хаця б рабіў выгляд нейкай нейтральнасці, то цяпер вырашыў не саромецца»
Прэзідэнт Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны (ФЛАУ) і народны дэпутат Вольга Саладуха адрэагавала на сустрэчу прэзідэнта МАК Томаса Баха і генсака НАК Беларусі Ксеніі Санковіч.
«Прэзідэнт МАК Томас Бах «годна» завяршае сваю кадэнцыю.
Цяпло прымае і абходжвае кіраўніцу беларускага НАК Ксенію Санковіч. Калі раней ён хаця б рабіў выгляд нейкай нейтральнасці, то зараз вырашыў не саромецца.
Абдымкі з лукашэнкаўскімі спартыўнымі прапагандыстамі азначаюць, што Бах канчаткова абраў бок агрэсара і хоча яго поўнай рэабілітацыі ў свеце спорту. Вельмі прыкра і балюча гэта бачыць.
Ці не кожны дзень гінуць нашы атлеты, Расія пры падтрымцы Лукашэнкі разбурае нашы стадыёны, спарткомплексы, спартыўныя школы, забівае нашых дзяцей. Кіраўнік МАК пры гэтым не знаходзіць часу на салідарнасць з Украінай, але чамусьці заўсёды гатовы абняцца з нашымі ворагамі.
Відавочна, што такія крокі Томаса Баха з'яўляюцца кульмінацыяй яго паступовага дрэйфу ў бок прарасійскіх сіл.
Спадзяюся, што наступны прэзідэнт МАК будзе рухацца супрацьлеглым курсам і будзе абараняць сапраўдныя алімпійскія прынцыпы.
Нажаль, Томас Бах не пакіне пасля сябе добрай памяці сярод украінцаў. А ў будучыні гісторыя абавязкова дасць аб'ектыўную ацэнку яго дзейнасці», – напісала Саладуха.
Тэрмін на пасадзе дзейнага прэзідэнта МАК Томаса Баха заканчваецца ў сакавіку 2025 года.