Усе навіны

Прадстаўнік BELPOL Жыгар: «Целяханы» раней выраблялі клюшкі, а цяпер – скрыні для снарадаў»

17 сакавіка, 08:28

Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар распавёў, што беларускі завод «Целяханы» вырабляе скрыні для снарадаў.

Раней тут выраблялі лыжы і клюшкі.

– Усе беларускія прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад [так званага] міністэрства прамысловасці або ўдзельнічаюць у выкананні кантракта дзяржабаронзаказу, або яны задзейнічаны ў схемах па абходзе санкцый або для Расіі, або для Беларусі.

Умоўна возьмем БелАЗ. Ён стаіць на рэйках выключна ваенпрама.

І калі казаць пра выхады на вытворчыя магутнасці, пра што я неаднаразова казаў, то да 2027-2028 года арыентыровачна гэта будзе 300 тысяч рэактыўных снарадаў у год, гэта будзе каля 450 тысяч артылерыйскіх снарадаў, гэта будзе прыкладна 100 тысяч БПЛА.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі вырабляецца каля 34-35 відаў БПЛА розных. Многія з іх вырабляюцца выключна для інтарэсаў Расіі. Частка з іх прайшла, скажам так, выпрабаванні боем ва Украіне. І ў Беларусі ў далейшым будуць вырабляць прыкладна 100 тысяч такіх БПЛА за год у інтарэсах рускіх.

Нават «Целяханы», якія раней выраблялі клюшкі, цяпер вырабляюць скрыні для снарадаў, – сказаў Жыгар.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.