Усе навіны

Руслан Васільеў: «Кавентры – найлепшы для Беларусі варыянт прэзідэнта МАК з тых дрэнных, што былі прадстаўленыя. Я ў шоку»

20 сакавіка, 19:23

Супрацоўнік прапагандысцкага Sputnik.by Руслан Васільеў падзяліўся меркаваннем пра абранне Кірсці Кавентры на пасаду прэзідэнткі МАК.

– Кавентры я першапачаткова ацэньваў, як найлепшы для нас варыянт прэзідэнта МАК з тых дрэнных, што былі прадстаўлены.

Цікава, што зараз будзе? Горш – сапраўды не.

Праўда, я ў шоку. Рэвалюцыя Трампа, гэта значыць, іншы праект будучыні, прыбраў задрафтаванага ліберальным глабалізмам Себасцьяна Коу.

Не чакаў. Шчыра кажучы, я нават у шоку. У свеце нешта дакладна мяняецца.

Цяпер я нават пачынаю верыць у паездку біятланістаў у Антхольц. Хоць так проста ліберальны праект, які кантралюе міжнародныя федэрацыі хакея, лыжаў/фрыстайла і біятлона не здасца.

У Кавентры нават у якасці прэзідэнта МАК няма рэальных паўнамоцтваў, каб націснуць так, каб тыя прагнуліся. Успомніце, як Коу не пусціў у Парыж лёгкаатлетаў, – напісаў Васільеў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.