Усе навіны

Былыя беларускія палітвязні выйшлі на Варшаўскі паўмарафон у падтрымку тых, хто застаецца ў турмах

Былыя беларускія палітвязні далучыліся да Варшаўскага паўмарафону, які адбыўся 30 сакавіка. Яны прабеглі 5 кіламетраў у падтрымку суайчыннікаў, якія да гэтага часу знаходзяцца ў зняволенні.

«Мы – былыя палітвязні. Бяжым за тых, хто не можа. За тых, хто зараз знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі – у турмах, без лістоў, без сувязі, без надзеі», – сказаў адзін з удзельнікаў Сяргей Гунь.

Свой праект беларусы назвалі Pulse of Freedom («Пульс свабоды») – гэта серыя сімвалічных забегаў у розных краінах Еўропы.

«Праз бег мы не толькі аднаўляем сябе пасля турмы, але і гаворым са светам на мове свабоды, руху і сілы духу. На трасе людзі падтрымлівалі, гэта прыемна. Пасля турмы складана бегаць, але на гэтым старце ў нас быў вагон энергіі. Наш бег - гэта не палітыка. Гэта жыццё», – дадаў Сяргей.