Усе навіны

Майкл Джордан, Леброн Джэймс і Тайгер Вудс аказаліся ў рэйтынгу найбагацейшых людзей планеты ад Forbes

Forbes апублікаваў абноўлены рэйтынг найбагацейшых людзей у свеце.

Агульны капітал усіх мільярдэраў у спісе вырас на 2 трлн долараў, дасягнуўшы рэкордных 16,1 трлн. Гэта больш за гадавы ВУП большасці краін свету, за выключэннем ЗША і Кітая.

Легенда НБА Майкл Джордан з багаццем у 3,5 млрд долараў аказаўся на 1045-м месцы. Лідар «Лэйкерз» Леброн Джэймс 2479-ы, яго багацце ацэньваецца ў 1,3 млрд долараў.

На 2356-м месцы знаходзіцца гальфіст Тайгер Вудс (1,4 млрд долараў).

Саўладальнікі футбольнага клуба «Манчэстэр Юнайтэд» і клуба НФЛ «Тампа-Бэй Бакенірс» Глейзеры займаюць 2019-е месца (1,7 млрд долараў).

Выканаўчы дырэктар «Мэрсэдэса» Тота Вольф на 1947-м радку (1,8 млрд долараў). Уладальнік «Голдэн Стэйт» Джо Лэйкаб займае 1573-е месца (2,3 млрд долараў).

Вышэй за ўсіх прадстаўнікоў спорту, на 113-м месцы, апынуўся Стэнлі Кронке, які з'яўляецца ўладальнікам прафесійнай баскетбольнай каманды «Дэнвер Нагетс», футбольнай каманды «Каларада Рэпідс» і хакейнай каманды «Каларада Эвеланш», а таксама асноўным уладальнікам англійскага футбольнага клуба «Арсенал» і 40% долі ў камандзе НФЛ «Лос-Анджэлес Рэмс». Яго багацце ацэньваецца ў 18 мільярдаў долараў.

Узначальвае рэйтынг уладальнік сацсеткі X (твітар) і бізнесмен Ілан Маск – 342 мільярды долараў.