Усе навіны

Супрацоўнік мінспорту Лукашэнка: «Кавальчук – жорсткі і беспрынцыповы. Стыль кіравання Кавальчук цалкам скапіяваў у Лукашэнкі»

Супрацоўнік міністэрства спорту Лукашэнка на ўмовах ананімнасці распавёў «Трыбуне» пра стыль кіравання Сяргея Кавальчука.

– Як можна ахарактарызаваць Кавальчука як чалавека?

– Яго цяжка неяк ахарактарызаваць. Чалавек носіць розныя маскі. Часам ён бывае вясёлы і добры, жарты жартуе, павучае па-добраму. Часам – жорсткі і беспрынцыповы, бязлітасны і рэзкі. У залежнасці ад абставін ён маскі мяняе. Таму які Кавальчук сапраўдны, не ведае ніхто. Нават тыя людзі, якія працуюць з ім на працягу доўгіх гадоў.

– Які ў яго стыль кіравання і як ён паводзіць сябе з падначаленымі?

– Стыль кіравання Кавальчук цалкам скапіяваў у Лукашэнкі і імкнецца ва ўсім яму пераймаць. Для яго няма ніякіх аўтарытэтаў і меркаванняў, ёсць толькі яго, правільнае, – і ўсё павінна быць роўна так, як ён лічыць патрэбным, а падначаленыя павінны безумоўна гэта выконваць. Хто мае іншае меркаванне, адразу становіцца непажаданым і выжываецца з сістэмы.

– Чаму, па-вашаму, пакінулі Кавальчука на пасадзе?

– У першую чаргу дзякуючы яго добрым адносінам і цесным сувязям з Віктарам Лукашэнкам. І, вядома ж, дзякуючы адданасці і вернасці сістэме, выканаўчасці. 2020 год і ўсё тое, што адбывалася пасля выбараў, даказалі яго лаяльнасць.

– Як у Міністэрстве адрэагавалі на рашэнне пакінуць Кавальчука?

– Усе былі вельмі здзіўлены. Тыя, хто працуе ў сістэме, бачаць і разумеюць, што пры Кавальчуку сістэма спорту руйнуецца, што ў спорце нарастаюць праблемы і дысбалансы. І ўсе спадзяваліся, што з прыходам новага міністра ўдасца хоць неяк гэтыя праблемы пачаць вырашаць. А атрымліваецца, што ўсё будзе толькі пагаршацца і станавіцца горш, – сказаў супрацоўнік.