Знiклая спікерка Каардынацыйнай рады Мельнікава вылецела з Лондана на Шры-Ланку да «спартсмена з Беларусі» (Polityka)
Сталі вядомыя новыя дэталі знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.
Выданне polityka.pl апублікавала расследаванне, якое пераказвае «Позірк».
Са спасылкай на «дзве незалежныя крыніцы» паведамляецца, што 26 лютага палітык вылецела з Варшавы ў Лондан, дзе «перасела на самалёт да Шры-Ланкі».
Адзначаецца, што Мельнікава раней адпачывала ў гэтай астраўной дзяржаве – у студзені 2024 года ў горадзе Унаватуна.
Яна «праводзіла там час у кампаніі мужчыны». У публікацыі прыводзяцца словы неназванай сяброўкі спікеркі КС, якая нібыта паведаміла: Мельнікава паказала ёй фатаграфіі мужчыны і «яго заручальны пярсцёнак» і «сказала, што ён з Беларусі, спартсмен і што яна закахана ў яго».
Адзначаецца, што Мельнікава не паведамляла «калегам з апазіцыі» пра знаёмства з мужчынам з-за таго, што ён жыве ў Беларусі. Гэта магло «выклікаць занепакоенасць у іншых актывістаў».
– Мужчына, які выдаваў сябе за спартсмена, мог быць супрацоўнікам беларускага КДБ. Апошняя паездка на Шры-Ланку аказалася пасткай, падрыхтаванай спецслужбамі. З вострава можна лёгка дабрацца да Расіі, а затым да Беларусі. Існуюць рэгулярныя і чартарныя рэйсы. Магчыма, Мельнікава села ў адзін з гэтых самалётаў – па ўласнай волі, прымусова або пад шантажом, – гаворыцца ў тэксце.
Нагадаем, 28 сакавіка намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што 25 сакавіка знікла спікерка КС Мельнікава.
Ён расказаў, што падаў заяву аб гэтым у праваахоўныя органы Польшчы. 28 сакавіка стала вядома, што разам з ёю зніклі і дзеці, якія жылі з ёю ў Варшаве.
7 красавіка муж спікеркі Андрэй Мельнікаў пацвердзіў, што ён разам з дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі.
Дакладнае месцазнаходжанне Мельнікавай і абставіны знікнення невядомыя да гэтага часу.