Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/«Калі б Зідан патэлефанаваў мне, я б нават не падняў трубку». Мбапэ, «Рэал» і ўся Францыя разнеслі прэзідэнта федэрацыі за словы пра легенду

«Калі б Зідан патэлефанаваў мне, я б нават не падняў трубку». Мбапэ, «Рэал» і ўся Францыя разнеслі прэзідэнта федэрацыі за словы пра легенду

Заклікаюць да адстаўкі.

10 студзеня 2023, 14:32
«Калі б Зідан патэлефанаваў мне, я б нават не падняў трубку». Мбапэ, «Рэал» і ўся Францыя разнеслі прэзідэнта федэрацыі за словы пра легенду

Зборная Францыі працягнула кантракт з дзейным трэнерам зборнай Дзідзье Дэшамам да чэрвеня 2026-га – на наступныя цыклы Еўра і ЧС.

У інтэрв'ю RMC Sport старшыня Федэрацыі футбола Францыі (ФФФ) Ноэль Ле Грэ адказаў тым, хто хацеў бачыць на месцы Дэшама Зінедзіна Зідана, якога ўжо доўгі час звязваюць з роднай зборнай:

«Рухацца далей? Не ведаю, пра што вы кажаце. Я выдатна ведаю, што Зінедзін Зідан заўсёды быў побач з пастом галоўнага трэнера зборнай. У яго было шмат саюзнікаў, некаторыя з іх чакалі адстаўкі Дэшама. Але хто можа сур'ёзна папракаць Дзідзье, хто менавіта? Заўжды можна прайграць матч, але я супрацоўнічаю з ім ужо 10 гадоў, і асечак было не так шмат. Гэта выдатна.

Зідан у зборнай Бразіліі? Не ведаю, гэта было б дзіўна. Ён робіць тое, што жадае, гэта не мая справа. Я ніколі не сустракаўся з Зіданам, таму што мы ніколі не думалі пра спыненне супрацы з Дэшамам. Некаторым журналістам трэба прыдумаць нешта, бо яны не ведаюць, пра што напісаць і прыдумляюць дрэннае, а не добрае. Зідан у Бразіліі? Мне чхаць, ён можа ісці куды заўгодна!

Калі б Зідан патэлефанаваў мне, я б нават не падняў трубку. Сказаць яму, каб пашукаў іншы клуб? Можа быць, зрабіце для яго спецыяльны конкурс, каб ён знайшоў сабе клуб ці зборную?»

Гэта выклікала шквал крытыкі ў адрас Ле Грэ.

Выказаліся Мбапэ, «Рэал», яшчэ некалькі вядомых імёнаў – палітыкі ўжо заклікаюць да адстаўкі

Рэакцыя наступіла імгненна. Першым выказаўся адзін з лідараў зборнай Францыі Кіліян Мбапэ: «Зідан – гэта Францыя, мы не можам так зневажаць легенду…»

Яго ў рэплаях падтрымаў экс-гулец «Баварыі», «Ювентуса» і зборнай Марока Медхі Бенація, які нарадзіўся і рабіў першыя футбольныя крокі ў Францыі: «Лідар на полі і па-за ім».

Адрэагаваў і адзін з былых лідэраў зборнай Франк Рыберы, саркастычна напісаўшы: «Ты радуеш мяне. З іншага боку, трэба тэрмінова падумаць пра кансультацыю». І дадаў імя Зізу з эмодзі 🤫, падаўшы сігнал, што пра легенду так, як Ле Грэ, казаць нельга.

Яшчэ адзін экс-гулец зборнай Францыі Джыбрыль Сісэ адрэагаваў адразу некалькімі твітамі: «Спадар Ле Грэ. Трохі павагі да Зідана, калі ласка. Кім ты сябе лічыш? – і дадаў выяву фэйспалма.

А далей запосціў такое: «Я, калі пачуў словы Ле Грэ».

А далей заклікаў яго да адстаўкі гіфкай з мясцовым аналагам слова «Далоў!»

Не стрымаўся і партнёр Зідана па зборнай Юрый Джаркаеф: «Не ў тым месцы і не ў той час, мы гаворым пра чэмпіёна свету, мы гаворым пра Чэмпіёна свету».

Адрэагаваў афіцыйнай заявай і «Рэал»:

«Рэал» наракае на няўдалыя каментары прэзідэнта Федэрацыі футбола Францыі Ноэля Ле Грэ адносна Зінедзіна Зідана, адной з найвялікшых легенд сусветнага спорту.

Гэтыя заўвагі дэманструюць адсутнасць павагі да адной з найбольш шанаваных футбольнымі фанамі фігур ва ўсім свеце. Наш клуб чакае неадкладнага выпраўлення. Зінедзін Зідан, чэмпіён свету і Еўропы, які прадстаўляе сваю краіну, апроч многіх іншых узнагарод, ён увасабляе каштоўнасці спорту і даказаў гэта на працягу сваёй прафесійнай кар'еры гульца і трэнера.

Заявы прэзідэнта Федэрацыі футбола Францыі недарэчныя для чалавека, які мае такое прадстаўніцтва. І яны самі па сабе непрыдатныя, як і тыя, якія ён зрабіў пра нашага капітана Карыма Бенземы, дзейнага ўладальніка «Залатога мяча», чэмпіёна Лігі нацый у складзе Францыі ў 2021 годзе і пераможцу 5 Ліг чэмпіёнаў, сярод шматлікіх іншых узнагарод» (гаворка пра традыцыйныя для ФФФ паўтораныя заявы пра траўму Карыма і яго негатоўнасць да гульні на ЧС – Tribuna.com).

Вядучае спартыўнае выданне Францыі L'Equipe выйшла з вокладкай з асобай Ле Грэ і подпісам: «Недапушчальна!»

Міністарка спорту Францыі Амелі Удэа-Кастэра запатрабавала выбачэнняў: «Ганебная адсутнасць павагі, якая абражае ўсіх нас, да легенды футбола і спорту: «прэзідэнт» галоўнай спартыўнай федэрацыі ў Францыі не павінен так казаць. Калі ласка, папрасіце прабачэння за празмерныя словы пра Зідана».

Палітыкі таксама асудзілі Ле Грэ за гэтыя словы і запатрабавалі адстаўкі. Напрыклад, дэпутат ніжняй палаты Франсуа Пікемаль успомніў папярэднія скандалы з Ле Грэ: «Сэксісцкія адносіны, прыхаваныя справы пра педафілію, баязлівасць перад тварам катарскага рэжыму, а цяпер і зняважлівыя заўвагі ў адрас Зідана. Пані міністр спорту, час завяршыць паўнамоцтвы пана Ле Грэ, якому не месца ў французскім футболе».

Не зразумелі словы Ле Грэ нават у самой ФФФ. «Зідан – вялікі чэмпіён, адзін з французаў, які ззяе ў нашай краіне і збірае вакол сябе ўсе галасы, неверагодны сімвал для нашай моладзі. Таму я цалкам зневажаю словы прэзідэнта», – заявіў сябра выканкама федэрацыі Эрык Баргіні.

Зінедзін Зідан пакуль не рэагаваў. Па дадзеных L'Equipe са спасылкай на яго асяроддзе, хуткай заявы ад экс-трэнера «Рэала» не будзе.

Ле Грэ выбачыўся – і звінаваціў ва ўсім журналістаў

Убачыўшы вэрхал, які ўсчаўся, Ле Грэ выйшаў з заявай-выбачэннем. У ёй намякнуў, што гэта журналісты супрацьпаставілі Дэшама і Зідана, з-за чаго ягоны адказ прагучаў так, як прагучаў:

«Хачу папрасіць прабачэння за гэтыя словы, якія абсалютна не паказваюць мае думкі і стаўленне да футбаліста, якім ён быў, і трэнера, якім ён стаў. Я даў інтэрв“ю, якое не павінен быў даваць, таму што яно супрацьпастаўляла Дэшама і Зідана – двух асоб французскага футбола.

Прызнаю, што зрабіў некалькі некарэктных заўваг, якія выклікалі непаразуменне. Зінедзін Зідан ведае, якую вялікую павагу я адчуваю да яго, як і да ўсіх французаў».

Па дадзеных Le Parisien, Ле Грэ і Зідан у хуткім часе стэлефануюцца, каб абмеркаваць сітуацыю. У размове Ле Грэ плануе папрасіць прабачэння і растлумачыць свае словы.

Гэта не першы скандал вакол Ле Грэ – ён адмаўляў расізм і абвінавачваўся ў дамаганнях

Першы гучны скандал здарыўся ў верасні 2020-га. Тады ў матчы «ПСЖ» і «Марселя» адбылася традыцыйная бойка, у выніку якой Неймара дыскваліфікавалі. Бразілец заявіў арбітрам, што гулец суперніка назваў яго «малпай і сукіным сынам», а ў публічнай заяве папрасіў прабачэння за чырвоную і сказаў, што «расізм існуе».

Тады Ле Грэ, здаецца, успрыняў гэта на свой рахунак – і пабег апраўдвацца: «Расізм у Францыі… у цэлым матчы могуць быць некаторыя рознагалоссі, але ў нас сёння менш за адзін працэнт цяжкасцяў. Калі чорны хлопец, прабачце, забівае мяч, увесь стадыён стаіць. Таму, шчыра кажучы, з'явы расізму ў спорце, і ў футболе ў прыватнасці, не існуе, ці [яго] мала». ФФФ прыйшлося потым статыстычна тлумачыць словы Ле Грэ і афіцыйна апраўдвацца, што той «не ігнаруе» праблему расізму.

Але скандал з дамаганнямі ў верасні 2022-га быў усё ж найгучнейшым. Тады выданне So Foot апублікавала расследаванне са злівам перапісак 80-гадовага чыноўніка з падначаленымі. У прыватнасці, там фігуравалі паведамленні розным жанчынам-падначаленым кшталту «Я аддаю перавагу бландзінкам, так што калі гэта табе пра нешта кажа…» і «Ты вельмі прыгожая, я б хацеў пакласці цябе ў свой ложак». Адна з крыніц увогуле заявіла, што Ле Грэ «скача на ўсё, што рухаецца».

Адна з падапечных заявіла, што падчас аднаго з працоўных падарожжаў ён загадаў ёй надзець спадніцу, а калі тая надзела штаны – у самалёце паклаў руку на яе нагу. Пазней яшчэ запрашаў у свой пакой пад падставай «дапамагчы яму ўсталяваць VPN». Тады справа дайшла да сустрэчы з міністаркай спорту Амелі Удэа-Кастэрай, расследаванне працягваецца. Ле Грэ, вядома, усё абверг.

Таксама супярэчліва ўспрынялі яго пазіцыю па ЧС у Катары. «Адносіны паміж дзвюма краінамі здавальняючыя. Катар – не варожая, а дружалюбная краіна», – сказаў ён напярэдадні турніру. Таксама ФФФ стала першай, якая адмовілася ад павязак OneLove: «Мы будзем гуляць у краіне, якую павінны паважаць. Калі давядзецца іх насіць, мы будзем насіць. Справа не ў тым, што я супраць гэтага. Проста я часам кажу сабе – мы хочам даваць камусьці ўрокі ў той час, калі таксама павінны глядзець, што адбываецца ў нас дома».

Яго паўнамоцтвы на чале ФФФ працягваюцца да 2024 года.

Фота: Panoramic, Baptiste Autissier/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты