Невідавочны беларускі след у Парыжы: мінчанка, якая несла сцяг у Токіа ад Аўстраліі, і атлеты, якія ў нас выступалі або звязаныя праз шлюб
Пра большасць з іх вы або ўвогуле не чулі, або забылі.
Мы ўжо расказвалі пра спартсменаў і трэнераў, звязаных з Беларуссю, якія збіраліся на Алімпіяду.
Але гэта былі не ўсе асобы, якія маюць дачыненне да нашай краіны. Ёсць яшчэ тыя, хто ў ёй нарадзіўся, а ёсць тыя, хто ў ёй выступаў, а некаторыя звязаныя з Беларуссю праз шлюб.
Алена Галябовіч
Ураджэнка Мінска і ўнучка беларускага чатырохразовага чэмпіёна свету па шашках Анатоля Гантварга. У Парыжы выступае за зборную Аўстраліі па кулявой стральбе – у дысцыпліне пнеўматычны пісталет на дыстанцыі 10 метраў заняла выніковае 37-е месца. Неўзабаве паспрабуе прайсці кваліфікацыю з пісталетам на дыстанцыі 25 метраў.
Для Галябовіч гэта трэцяя Алімпіяда. У Рыа яна стала 43-й з пісталетам на 10 метрах і 31-й на 25 метрах. У Токіа паказала пакуль што найлепшы вынік: на 10 метрах стала 27-й, а на 25 метрах – 11-й. У апошняй дысцыпліне Галябовіч не хапіла ўсяго аднаго пункта для выхаду ў фінал (набрала 583 пункты, а ў адразу чатыры ўдзельніцы кваліфікаваліся з 584).
Цікава, што ў Галябовіч свет клінам не сышоўся на стральбе. Асноўная праца жанчыны – лекар-уролаг. Яна працуе ў прыватнай клініцы ў Мельбурне, а перад тым як ехаць на спаборніцтвы, па словах дзеда-шашыста, бярэ адпачынак за свой кошт. А яшчэ ў 2021-м годзе Галябовіч на адкрыцці Алімпіяды несла сцяг алімпійскага руху – у той год МАК прыняў рашэнне, што такім гонарам будуць ушанаваныя спартсмены, звязаныя з медыцынай праз павагу да іх унёска ў барацьбу з каранавірусам.
Падчас пандэміі Алена таксама прымала пацыентаў, хворых на COVID-19, і праз гэта ёй даводзілася трэнавацца не ў ціры, а дыстанцыйна з дапамогай сімулятара.
А яшчэ цікава, што нацыянальную зборную Аўстраліі па стральбе трэнуе бацька Алены Уладзімір Галябовіч.
Сям'я пераехала з Беларусі ў 1994-м, а нагодай для гэтага, як расказваў мужчына, сталі засцярогі за здароўе дачкі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Трэнерскую карʼеру Галябовіч пачаў яшчэ ў СССР, а пазней узначальваў зборную Беларусі па стральбе з пісталету. Нацыянальную каманду Аўстраліі ўзначальвае з 1996 года.
Андэрс Лінд
Муж беларускай настольнай тэнісісткі Дар'і Трыгалас (чэмпіёнка Беларусі ў самых розных разрадах, выступала за зборную краіны) на Алімпіядзе прадстаўляе зборную Даніі ў тым жа відзе спорту. На сёння Лінд займае 62-ю пазіцыі ў сусветным рэйтынгу. У Парыжы датчанін абгуляў 17-ю ракетку планеты партугальца Маркаса Фрэйтаса (4:0) і 74-ю паляка Мілаша Рэдзімскага (4:3). Але ў 1/8 фіналу скандынаў не даў рады японцу Тамаказу Харымота (1:3), які займае 9-ы радок у сусветным рэйтынгу.
Таксама Лінд заяўлены за зборную Даніі на камандны турнір.
Барбара Лазовіч
Правая паўсярэдняя зборнай Славеніі – жонка чарнагорскага легіянера «Мяшкова» Вука Лазавіча, які папоўніў склад брастаўчан у верасні 2023 года і ў мінулым сезоне з клубам выйграў чэмпіянат Беларусі, Кубак і SEHA-лігу.
Для 36-гадовай Барбары Алімпіяда – апошні турнір у кар'еры пра што яна абʼявіла напярэдадні Гульняў у сваім Інстаграме. Жанчына выступае за славенскі «Крім». У Парыжы ўжо адзначылася двума мячамі ў вароты Паўднёвай Карэі (30:23) і адным голам супраць Германіі (22:41).
Абдукадыр Хусанаў
Абаронца прыехаў у Беларусь перад стартам сезона-2022. У «Энергетыку-БДУ» адразу стаў гульцом асноўнага складу. За паўтара года згуляў у 35 матчах ЧБ, набраў 4+4 па гол+пас і ўлетку 2023-га перабраўся ў «Ланс» з французскай Лігі 1.
Увесну гэтага года Хусанаў дапамог зборнай Узбекістана U-23 выйсці ў фінал Кубка Азіі, што дало камандзе алімпійскую ліцэнзію. У вырашальным матчы таго турніру абаронца ўдзелу не ўзяў (пасля вырашэння алімпійскай задачы, яго адклікалі ў клуб), а каманда саступіла Японіі, прапусціўшы першы гол на турніры.
Футбольная частка праграмы для ўзбекістанцаў у Парыжы ўжо скончаная. У групе С яны занялі апошняе месца – прайгралі Іспаніі (1:2), Егіпту (0:1) і згулялі ўнічыю з Дамініканскай Рэспублікай (1:1). Хусанаў цалкам правеў усе тры матчы.
Дэян Бомбач
Славенскі разыгрываючы пагуляў у Беларусі нядоўга – прыехаў у мінскае «Дынама» перад сезонам-2013/14 і з'ехаў падчас яго, калі ў клубе здарыўся фінансавы калапс. Але пра Мінск у Бомбача ўсё роўна павінны былі застацца прыемныя ўспаміны – тут у верасні 2013-га ў яго нарадзілася дачка Эма.
На Алімпіяду ў Парыж 35-гадовы славенец прыехаў у статусе ветэрана, але не каб адбываць нумар. З Іспаніяй ён закінуў пяць мячоў, праўда, каманда саступіла 22:25. У гульні з Харватыяй яго два мячы дапамаглі забраць перамогу 31:29. А ў панядзелак Славенія аказалася мацнейшай за бронзавага прызёра Еўра-2024 Швецыю 29:24. Праўда, Бомбач нічога не закінуў.
Борут Мачкоўшэк
У Беларусі славенскі левы паўсярэдні выступаў усяго месяц – прыехаў у мінскае «Дынама» ў лютым, згуляў у трох матчах Лігі чэмпіёнаў і пакінуў клуб у сувязі з яго ліквідацыяй.
Цяпер Мачкоўшэку 31, і ён гуляе за венгерскі «Пік». На Алімпіядзе-2024 за нацыянальную каманду паспеў забросіць па тры мячы ў вароты Харватыі і Швецыі, а яшчэ адзін – Іспаніі.
Тачукву Алуэхі
Брамнік жаночай зборнай Нігерыі выступала за «Бабруйчанку» ў сезонах-2013 і 2014. З камандай стала другой ва ўсіх унутраных турнірах, а таксама дэбютавала ў Лізе чэмпіёнаў.
У мінулым сезоне выступала за Eastern Flames з чэмпіянату Саудаўскай Аравіі. На Алімпіядзе ў прайграных матчах з Іспаніяй (0:1), Бразіліяй (0:1) і Японіяй (1:3) на поле не выходзіла.
Чынаньер Маклінс
Яшчэ адна нігерыйка, якуй лёс закінуў у Бабруйск. Выступала ў ЧБ у сезоне-2020 – забіла 8 галоў у 10 матчах. Цяпер форвард выступае за маскоўскі «Лакаматыў» – разам з беларускамі Ганнай Казюпай і Настай Ліннік.
Як і Алуэхі, матчы з Бразіліяй, Іспаніяй і Японіяй Маклінс глядзела з лавы запасных. Ну а турнір для нігерыек скончаны.