Што гатуюць ў белспорце: далёкая рыба Азаранка, «ювелiрная» яешня Протаса, цiкавы торт Герасiменi i не толькi
Ад Сабаленка чакаюць сырнiкаў, але сама яна любiць iншае.
Нядаўна экс-трэнер зборнай Беларусi Юрый Пунтус расказаў, што ў яго ёсць фiрмовы рэцэпт алiўе. Салат, якi коўч робiць сваiмi рукамi, у яго сям’i нават называюць ў яго гонар – «Пунтусье».
А што гатуюць iншыя людзi з белспорту? Якiя стравы для iх – асаблiвыя? Зараз раскажам.
Станіслаў Драгун
Летам былы капітан зборнай падзяліўся рэцэптам сваёй фiрмовай мясной стравы. «На рынку ў Валяр’янава бераце галёнку. Напіхваеце туды часначка, абціраеце спецыямі. Потым варыце дзве гадзіны ў прыгожым казане. Потым робіце соевую падліўку: гарчыца, мёд. Гэта такая глазуровачка. Пасля на грыль. Абмазваеце глазуроўкай, каб скарыначка была залацістая, чорненькая, смачненькая. Гэта аб’ядзенне».
Пазней Драгун прыгатаваў такую галёнку на камеру для праекта «На банке». На працэс можна паглядзець па спасылцы.
Максім Вітус
Былы абаронца брэсцкага «Дынама» прызнаваўся, што ў дзяцінстве марыў стаць поварам. Асаблiва любiў Вiтус мучныя стравы.
«Асабліва любіў гатаваць любімую маміну выпечку – пірагі, кексы, печыва. Хадзіў па паверхах, прасіў у суседзяў усе інгрэдыенты – муку, яйкі, цукар, – каб не выкарыстоўваць маміны прадукты, бо не заўсёды атрымлівалася зрабіць смачна», – дзялiўся экс-спартсмен.
Аляксей Бага
У 2020-м трэнер казаў, што кухня для яго – увогуле не праблема. «Нешта зварыць-адварыць – наогул проста. Чагосьці даўжэй пакалупацца – ноў проблем. Любую страву магу прыгатаваць: мяса, курыцу, усе гэтыя соўсы. Адно «але» – усё потым мыць», – казаў Бага. Яго словы пацвярджалi i жонка трэнера, i яго добры знаёмы Драгун.
Аляксандр Хацкевіч
Яшчэ адзiн былы галоўны трэнер зборнай Беларусі ў красавіку прыходзіў на кулінарнае шоу рэжысёра Мiкалая Халезiна. Той у канцы праграмы спытаў, якi ў коўча густ шчасця.
«У дзяцінстве я прыязджаў у Нароўлю да бабулі і дзядулі. Там ты цэлы дзень недзе гуляеш у футбол, ловіш рыбу. Прыбягаеш дадому, а там бабуля нарэзала маласольныя агурочкі. Пах пятрушкі, кропу, расол… Яна дастае чорны чыгунок з бульбай у мундзірах, а ты кідаеш бульбу ў расол, каб хутчэй астыла, і хутчэй ясі, каб хутчэй на вуліцу пабегчы», – успомнiў Хацкевiч.
Можа трэнер i сам пачаставаць гасцей. Яго жонка распавядала, што ён «як сапраўдны беларус умее гатаваць калдуны».
Рызота, Джэф Плэт
Канадзец з беларускім пашпартам не раз расказваў пра сваю любоў да гатавання. Яго каронная страва – рызота, гэта рыс з рознымі дадаткамі. За гады жыцця ў Мінску Плат заахвоціўся і беларускай кухняй. З яе больш за ўсё любіць калдуны, праўда, сам іх не гатуе.
Крысціян Хенкель і Андрэй Стась
Улетку хакеісты мінскага «Дынама» гатавалі шашлык пад камерамi прэс-службы. Хенкель вырашыў падзяліцца сваiм рэцэптам марынаду – сказаў, што дадае цыбулю, солiць, перчыць i ставiць у халадзiльнiк на ноч.
«Ананасавы сок дадаюць – мяккае мяса атрымліваецца. Я спрабаваў – мне спадабалася», – дадаў свой кампанент Стась.
Аляксей Протас
Форвард «Вашынгтона» прызнаваўся, што не вельмі любіць гатаваць. «У мяне няма найлепшай [стравы] – ёсць адзіная ў маім выкананні: яечня. Вось яна атрымліваецца – у апошні час, я бы сказаў, нават ювелірна», – казаў хакеiст.
Ягор Шаранговіч
У лістападзе 2023-га ў форварда «Калгары» папрасілі назваць топ-3 любімых страў. На першае месца Шаранговіч, не задумваючыся, паставіў дранікі. Астатнія дзве назваў не адразу, але, падумаўшы, сказаў, што гэта мяса, запечанае пад сырам, і смажаная бульба з грыбамі. Цi гатуе нешта з гэтага сам хакеiст, засталося невядомым.
Арына Сабаленка
Трэнер першай ракеткi свету Антон Дуброў расказваў, што калі каманда гасцюе ў тэнісісткі ў Маямі, то ўсе чакаюць, што яна прыгатуе сырнікi, i ўсяк намякаюць, што было б добра iмi паласавацца. Але, па словах коўча, у Сабаленкi ёсць i фірмовая аўсяная каша, таксама яна можа прыгатаваць салаты ды рыбу.
Сама падпiсантка за рэжым казала, што любiць есцi вострае. У прыватнасцi, ёй падабаюцца такiя італьянская паста з мясам ды смажаны рыс з курыцай.
Вікторыя Азаранка
Былая лiдарка рэйтынгу WTA расказвала, што калі прыязджае ў Беларусь, то ўся радня імкнецца яе накарміць. Маці вельмі ўдала гатуе рыбу, у дзядзькі добрыя шашлыкі, а ў бабулi ўся ежа смачная, але самая любімая для Азаранкі – вінегрэт.
Тэнісістка можа і сама нешта прыгатаваць – для яе гэта адпачынак. Фірмовая страва – рыбная. «Я вельмі смачна запякаю чылійскага сібаса. Раблю не па рэцэпце, а як адчуваю», – казала спартсменка.
Дар’я Домрачава
Былая біятланістка расказвала, што ў іх з мужам Уле Эйнарам Б’ёрндаленам разнастайны рацыён. Сужэнцы могуць разам прыгатаваць рыбу ці індычку, зрэдку – чырвонае мяса. На стале заўсёды шмат гародніны. Асобны рытуал – фiрмовая пiца, якую час ад часу гатуюць усёй сям’ёй.
У Б’ёрндалена ёсць любімая беларуская страва – дранікі. Таксама ён расказваў, што яму ў Беларусі падабаецца «мяса – яно проста фантастычнае, і яшчэ шмат смачных супоў». Але пры гэтым боршч, якi гатавала жонка, экс-спартсмену не зайшоў – ён патлумачыў гэта тым, што «не вялікі прыхільнік» менавiта гэтай стравы.
Аляксандра Герасіменя
Для прызёркі АГ асаблівае месца ў рацыёне займаюць макароны. Герасіменя расказвала, што калі дазваляе час, то гатуе карбанару. Таксама былая плыўчыха любіць гародніну і садавіну.
Таксама ў Герасімені ёсць каронны дэсерэт – торт паж назвай «Трухлявы пень». «Няхай гучыць непрыгожа, затое ён вельмі смачны. З мамай гатую яго з дзяцінства», – казала экс-спартсменка.
Ала Цупер
Натуралiзаваная ўкраiнка расказвала, што яе сям’я любіць простыя стравы. Яе дачцэ і мужу падабаюцца запечанае на грылі мяса і рыс, розныя стравы з гароднiны.
Самае вялікае захапленне ў сям’і Цупер выклікаюць фірмовыя варэнікі па сямейным рэцэпце. «Цеста атрымліваецца пышным, менавіта таму варэнікі маюць асаблівы смак», – распавядала экс-фрыстайлістка.
Алена Леўчанка
Баскетбалістка расказвала, што яна гатуе, калі ў яе ёсць час і жаданне. На яе думку, у чалавека з прадуктамі ідзе абмен энергетыкай, і гэта вельмі важна для выніковага густу.
Любімая страва Леўчанкі – індычка з пастай. Яе падрабязны рэцэпт можна паглядзець тут.