«Сэрца» з поту, падводка да рэкламы, верш пра «лоўкіх у сексе» – не ўсе дзіўныя віншаванкі белспорту на 8 сакавіка
«Жыві, а я пастараюся не перашкаджаць».
8 сакавіка ў свеце адзначаецца міжнародны жаночы дзень, які быў прыдуманы ў гонар барацьбы жанчын за роўныя з мужчынамі правы і супраць прыгнёту. Але ў Беларусі так яго ўспрымае няшмат хто. Для многіх гэта проста выходны, калі мужчыны робяць падарункі жанчынам і нярэдка падкрэсліваюць сваё меркаванне пра іх «слабасць», што цалкам падмяняе сутнасць свята. Але прапаганда ў агульным падтрымлівае такое стаўленне, таму шэраг жанчын, якія выхаваныя пад яе ўплывам, прымае 8 сакавіка як нейкі «дзень прыгажосці» і не больш за тое.
Многія беларускія спартсмены і клубы ў гэты дзень апублікавалі віншавальныя пасты. Некаторыя падаліся нам больш цікавымі за астатнія – іх і паказваем.
Аляксандр Глеб падарыў белыя цюльпаны жонцы, дочкам і цешчы:
А затым з кветкамі прыехаў бацька футбаліста Павел Рыгоравіч, моцна ўсцешыўшы ўнучак. Праўда, пры гэтым дзед быў апрануты ў лукашысцкі мерч (хаця ён можа і не ўсведамляць таго).
Прэс-служба БАТЭ выпусціла віншавальны ролік. Там футбалісты каманды спрабавалі разважаць, чаго жадаюць жанчыны (ніякай роўнасці правоў сярод варыянтаў не было), а трэнер варатароў Яўген Дзяргай распавёў, што самы дарагі падарунак, які ён дарыў жонцы – IPhone апошняй мадэлі.
У «Славіі» вырашылі адправіць на вуліцы Мазыра маскота, які дарыў па цюльпане жанчынам, якія сустракаліся па шляху:
Мужчынскае мінскае «Дынама» павіншавала жаночую каманду «Дынама-БДУФК».
Жанчын павіншаваў са святам Арцём Мілеўскі – праўда, пасля вельмі сціплай прамовы большую частку відэа экс-футбаліст прысвяціў рэкламе пратэінавых батончыкаў.
Мікалай Сігневіч, які выступае за казахстанскі «Тобол», прысвяціў сваёй жонцы сторыс у Instagram – пажадаў ёй «жыць», чаму абяцаў «намагацца не перашкаджаць».
Жонка Аляксея Протаса Таццяна пахвалілася мноствам кветак:
Падпісантка за рэжым Дзінара Смольская атрымала паштоўку ад свайго палітычнага куміра Аляксандра Лукашэнкі.
Не абышлася біятланістка без букета ад мужа-аднадумца Антона Смолькага.
Лёгкаатлетка і дэпутатка «парламента» Лукашэнкі Анастасія Мірончык-Іванова свята правяла на тэрыторыі часткі рэжымнага «спецназа» ва Уруччы, якую назвала «роднай». Камандзір падраздзялення Аляксей Лабанаў для поп-скакухі – «сапраўдны мужчына». Як паведамляла крыніца «Нашай нівы», сваю пасаду Лабанаў атрымаў, «вызначыўшыся» падчас разгону пратэстаў у 2020-м.
А затым Мірончык-Іванова адправілася віншаваць дзяўчынак з рэжымнага «ваенна-патрыятычнага клуба» «Граніт», які базіруецца на тэрыторыі гэтай часткі.
Трэнер зборнай Беларусі па біятлоне Раман Сінічэнка выклаў фота спацелай спіны, ад якой сталася пляма на футболцы, што нагадвала «сэрца». «Нашае вам працоўнае», – дадаў коўч.
Аляксей Кудзін павіншаваў жанчын і выпіў за іх, паводле яго слоў, чорнага чаю з літровага куфля ад нямецкага піўнога брэнда Paulaner.
Крысціна Ціманоўская выклала фатаграфію з прыгожым захадам сонца і пажадала дзяўчатам ззяць, як ён.
Гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў выклаў незвычайны верш – маўляў, жанчыны «ў сексе лоўкія».
А затым падзяліўся фатаграфіяй з букетам, які хацеў бы падарыць камусьці, з кім гэта ўжо немагчыма.