Топ-пяціборку з Беларусі не завуць на Алімпіяду: нібыта праз сувязь з «сілавікамі», але яна сцвярджае, што да іх ніякім бокам
Дакументы рэжымнага міністэрства па спорце сведчаць пра іншае.
27 чэрвеня прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) паведаміла, што на Гульнях-2024 у Парыжы не будзе ніводнага прадстаўніка беларускага сучаснага пяцібор'я, хаця раней алімпійскія ліцэнзіі ў гэтай дысцыпліне ўзялі Марыя Гнедчык і Анастасія Пракапенка. Верагодна, справа ў тым, што спартсменкі не прайшлі праверку на нейтральнасць, якую па заданні МАК у дачыненні да атлетаў з Беларусі і Расіі праводзіць камісія AINERP. Каб адпавядаць крытэрам праверкі, атлетам нельга актыўна падтрымліваць вайну ва Украіне, а таксама мець кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі. А Пракапенка і Гнедчык як мінімум яшчэ ў 2023 годзе па дакументах прадстаўлялі спартыўны клуб Узброеных сіл Лукашэнкі. Абмежавальныя меры былі ўведзены ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Пяціборка Пракапенка наўрад ці будзе аспрэчваць рашэнне камісіі. Адкрытая лукашыстка ў свае 38 правяла не самы моцны сезон, па выніках якога ледзьве патрапіла ў спіс тых, хто адабраўся на Алімпіяду. Зусім іншая справа – 20-гадовая Гнедчык. Яна выдатна паказала сябе ў Кубке свету (выйграла этап у Будапешце і ўзяла срэбра ў Анкары) і ў алімпійскім кваліфікацыйным рэйтынгу аказалася трэцяй, хаця частку сезона прапусціла праз санкцыі.
Спартсменка мела вялікія планы на Парыж, а рашэнне МАК не дапускаць яе туды стала вялікім сюрпрызам. Пра гэта Гнедчык распавяла ў сваім інстаграме. Яна ніяк не каментавала сваю сітуацыю цягам пяці дзён пасля адмовы ў допуску на Гульні, але пасля ўсё ж наважылася выказацца. Спачатку дзяўчына кажа, што МАК ніяк не патлумачыў прычыны яе адхілення, а пасля паведамляе, што яе вінавацяць у кантракце з войскам. Гнедчык сцвярджае, што такога кантракта ніколі не было:
«МАК не прызнае мяне легітымнай для ўдзелу ў АГ у Парыжы. Без усялякіх тлумачэнняў, які крытэр я «праваліла». Проста таму, што такіх крытэраў няма!
МАК абвінавачвае мяне ў кантракце з войскам, якога ў мяне ніколі не было. У лютым 2022 года мне было 17 год! Кожнаму было зразумела, што кантракт у войску закрые дарогу на Алімпіяду.
У апошнія дні замест фокусу на трэнінгах я пішу лісты: у камісіі спартсменаў МАК і міжнароднай федэрацыі, у AINERP, людзям, якія працуюць у МАК, розным людзям, якія могуць дапамагчы.
Мы спрабуем мяне абараніць і верым, што гэта была памылка ў чытанні дакументаў ці любое іншае непаразуменне», – напісала Гнедчык.
Не да канца зразумела, чаму за пункт адліку пяціборка бярэ люты 2022 года – як раз тады Расія пачала сваё поўнамаштабная ўварванне ва Украіну. МАК у прынцыпе адмовіў у допуску на Алімпіяду тым, хто мае нейкае дачыненне да лукашэнкаўскіх сілавікоў. А падпісаць з імі кантракт можна было і пасля лютага-2022.
На сёння цяжка сказаць, ці мае Гнедчык актуальны кантракт з так званай арміяй. Але ў зацверджаным так званым міністэрствам спорта «спісачным складзе» зборнай Беларусі на 2023 год атлетку прыпісалі да спорткамітэта Узброеных сілаў Лукашэнкі.
Гэтую неадпаведнасць атлетка пакуль ніяк не пракаментавала.
Акрамя таго прэс-служба рэжымнага міністэрства абароны, расказваючы пра залаты медаль Гнедчык на леташніх гульнях краін СНД, неаднаразова называла яе «армейскай спартсменкай»:
Магчыма, адбылася нейкая памылка? Але, прынамсі, Гнедчык давала каментары міністэрскім прапагандыстам у якасці «армейскай спартсменкі».
Зрэшты, шанцы выступіць у Парыжы ў Гнедчык застаюцца, бо камісія МАК можа і перагледзець сваё рашэнне. Так адбылося з тхэквандыстам зборнай Беларусі Георгіем Гурцыевым. Спачатку яго не дапусцілі да Алімпіяды, хаця менавіта ў Беларусі натуралізаваны расіянін не свяціўся ў шэрагах лукашэнкаўскіх сілавікоў. Адзіная вядомая яго сувязь з сілавымі структурамі – прыналежнасць да расійскага таварыства «Дынама», але тое было яшчэ ў 2010-х. У выніку рашэнне па Гурцыеву было перагледжанае, і ён едзе ў Парыж.
Ёсць для Гнедчык і яшчэ адзін станоўчы сігнал – допуск на Алімпіяду атрымалі 24-гадовы Яўген Залаты (акадэмічнае веславанне) і 16-гадовая Дар'я Чупрыс (кулявая стральба). Абодва спартсмены ў «спісачных складах» зборных на 2024 год пазначаныя сябрамі спорткамітэта УС Лукашэнкі, але запрашэнне ў Парыж усё ж атрымалі.