Усе навіны

Расійскія гульцы ў настольны тэніс могуць трапіць на Алімпіяду-2024 праз азіяцкую кваліфікацыю

25 студзеня 2023, 17:28

Паміж віцэ-прэзідэнтам НАК Расіі Ігарам Лявіціным і прэзідэнтам Азіяцкага саюза настольнага тэніса (ATTU) Халілам Аманам адбыліся перагаворы адносна магчымага ўдзелу расійскіх спартсменаў у спаборніцтвах, арганізаваных ATTU, паведаміў віцэ-прэзідэнт Федэрацыі настольнага тэніса Расіі Раман Маркаў.

«Нашы азіяцкія калегі гатовы даць нам магчымасць спаборнічаць і ўдзельнічаць у кваліфікацыі Алімпіяды-2024.

Трэба дачакацца завяршэння кансультацый МАК па гэтым пытанні.

Пасля гэтага адбудуцца перамовы з Міжнароднай федэрацыяй настольнага тэніса, якая разгледзіць магчымасць нашага пераходу з Еўропы ў Азію», - распавёў Маркаў.

Нагадаем, у сакавіку 2020 года Лявіцін склаў паўнамоцтвы кіраўніка Еўрапейскага саюза настольнага тэніса (ETTU).

Шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.