Усе навіны

Экс-вясляр Шурмей: «Бахмут зараз – самая гарачая кропка ў свеце, ён падобны на Сталінград»

28 траўня, 14:20

Удзельнік дзвюх Алімпіяд, экс-вясляр і баец палка Каліноўскага, які ваюе за Украіну, Павел Шурмей расказаў пра баі пад Бахмутам і гібель аднаго з камандзіраў палка Аляксандра Лазоўскага (пазыўны – Мыш).

– Самая-самая гарачая кропка ў свеце зараз – гэта Бахмут. І нават тое, што я бачыў да свайго паранення, ужо мінулай восенню было падобна на Вердэн, недзе так. А зараз тое, што там, на Сталінград падобна, я не ведаю, з чым яшчэ параўнаць.

Нашы хлопцы выконвалі сваю задачу, выконвалі яе добра. І калі той будынак, у якім яны знаходзіліся, расіяне [паспрабавалі] узяць пехотай, не атрымалася. Нашы хлопцы далі добры бой, нанеслі страты расіянам. Яны адышлі і запыталі артылерыйскую падмогу. А там, каб зразумець, не проста 120-я мінамёты і нават не 152-і мм: там у будынак патрапіла за 200 мм нешта. На жаль, будынак...

– Тры паверхі склаліся.

– Так.

– А як загінуў Мыш?

– Ён знаходзіўся побач на КСП (па-беларусу КНП – камандна-назіральны пункт – заўв.). Калі параненыя змаглі па рацыі распавесці, што адбываецца, ён адразу пачаў фарміраваць групу дапамогі эвакуацыі з сумежнікаў, гэта былі ваяры ЗСУ і наш парамедык. Адразу зрушыліся ў тое месца, і ён кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў гэтую эвакуацыю, выносіў зброю Ён ішоў апошнім і, на жаль, не дайшоў зусім мала да КСП, – паведаміў Шурмей.