Шэсць шведскіх спартсменаў падалі іск у суд на НАК сваёй краіны, яны лічаць, што незаконна былі пазбаўлены права траплення на АГ
Шэсць шведскіх спартсменаў падалі іск у Спартыўны арбітражны суд супраць НАК сваёй краіны, паведамляе Radio Sweden.
Спартсмены сцвярджаюць, што Камітэт змяніў правілы кваліфікацыі, што ўскладніла для іх адбор на Алімпіяду-2024. Яны заяўляюць, што, нягледзячы на праходжанне кваліфікацыі паводле міжнародных стандартаў адбору, усё роўна не патрапілі на Гульні ў складзе зборнай Швецыі.
Вясляр Эміль Бенгтсан кажа, што іх месцы на спаборніцтвах займаюць спартсмены з іншых краін, якія не прайшлі кваліфікацыю. І на гэта ўплываюць суровыя правілы кваліфікацыі на Гульні для шведаў.
Прафесар права Ёхан Ліндхольм кажа, што шанцы на выйгрыш у судзе ў спартсменаў невялікія. Паводле яго слоў, такія выпадкі не з'яўляюцца нечым незвычайным у Швецыі і практыка паказвае, што, як правіла, вынікі кваліфікацыі не могуць быць абскарджаны ў судовым парадку.
26 ліпеня ў Парыжы стартавала Алімпіяда-2024.