Жонка Шурмея пра паездку ў Беларусь: «Памежнік спытаў: «Чаго вы адна едзеце?» Кажу: «На спатканне да мужа». Ён мне: «Ён што, сядзіць?»
Жонка беларускага экс-вясляра Паўла Шурмея Алена Бурак у інтэрв'ю «Зеркалу» распавяла пра гісторыю знаёмства з мужам і пра адносіны на адлегласці.
– Як вы пазнаёміліся?
– Мы спартсмены міжнароднага ўзроўню. Таму мы, беларус і ўкраінка, пазнаёміліся ў Лондане на чэмпіянаце свету па акадэмічным веславанні. Праз год сустрэліся на спаборніцтвах у Амстэрдаме, яшчэ праз паўгода – на зборах у Балгарыі. І з тых часоў ужо 16 гадоў разам.
Вельмі доўга гэтыя адносіны здаваліся мне нейкім чараўніцтвам: не магла ўявіць, як яны магчымыя, бо мы з розных краін. Потым сталі сябар да сябра ездзіць. Раз у месяц, раз у два месяцы. У перапынках паміж зборамі. Усё гэта вельмі цікава. Уявіце, ехаць з Беларусі ва Украіну 1200 кіламетраў на спатканне.
– Хто да каго часцей ездзіў?
– Усё залежала ад нашых спартовых кар'ер. Спачатку ён прыехаў да мяне ў Мікалаеў. У яго было тры дні паміж зборамі, адзін правёў са мной, астатняе сышло на дарогу. У той год, 2008-ы, атрымалася, што ў мяне са спортам здарыліся траблы. І я змагла пабываць у яго некалькі разоў запар: праз месяц-паўтара прыязджала на зборы на два-тры дні. У 2010-м, калі яго спартовая кар'ера скончылася, ён стаў да мяне ездзіць. Так мы сустракаліся сем гадоў.
Пасля вяселля працягнулі жыць на дзве краіны – Павел у Лідзе, я ў Мікалаеве. Чамусьці тады пытанне «давай ужо жыць разам» у нас ніколі не стаяла. Павел працаваў то ў Мінску, то ў Маскве, то ў Польшчы. Я трэніравалася дома. Мы ездзілі сябар да сябра.
У нас нават была смешная сітуацыя, калі я ўжо сама ездзіла ў Беларусь на машыне. Неяк бравы беларускі памежнік мяне спытаў: «А чаго гэта вы адна едзеце?» Кажу: «На спатканне да мужа». Ён мне: «А ён што, сядзіць?» Каханне на адлегласці магчымае, было б жаданне, – сказала Бурак.