У веславанні ўпэўненыя: рэжымніцу не падпусцілі да Гульняў праз тусоўкі ў Лукашэнка з узнагародамі. Каму яшчэ варта напружыцца?
Якая нечаканасць!
Цікавы сюжэт намеціўся ў беларускім веславанні. Калі верыць словам людзей адтуль, то атрымліваецца, што гэта – здаецца, першы від, у якім хоць кагосьці не пусцілі на алімпійскі адбор за падтрымку рэжыму Лукашэнка. Калі больш канкрэтна, гаворка пра Марыну Літвінчук, якая даўно і паслядоўна ўдзельнічае ў рэжымных мерапрыемствах – была на такім нават падчас алімпійскай кваліфікацыі, у якой не паўдзельнічала.
Цяпер Літвінчук дала каментар, у якім называе – на яе думку, а іншых доказаў у нас няма – канкрэтную прычыну нядопуску, які стаў чарговай падставай для «слёз на вачах» лукашысткі. Заадно вяслярка адзначылася неадэкватным, але максімальна звыклым для сістэмы вызначэннем патрыятызму.
«Гэтыя відэа, фатаграфіі… У любой краіне свету любы спартсмен адчуваў бы вялікі гонар за тое, што яму прэзідэнт уручыў дзяржаўную ўзнагароду. Гэта называецца патрыятызмам. Проста не дапускаць на спаборніцтвы праз тое, што мяне ўзнагародзіў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, – вялікае глупства. Фота гэтага былі далучаныя? Да, так і ёсць. І ўявіць не магла, што не дапусцяць з прычыны таго, што ты атрымаў дзяржаўную ўзнагароду», – падзялілася Літвінчук з тэлепрапагандыстамі.
А трэнер зборнай па веславанні Уладзімір Шантаровіч наўпрост звінаваціў ва ўсім украінцаў – як вядома, яны (вось нечаканасць!) не хочуць спаборнічаць з адэптамі рэжыму, які дапамагае спробам знішчыць нашых паўднёвых суседзяў. Па словах Шантаровіча, расійскіх весляроў «шкумяталі» (рэдкае дыялектнае слова, аналаг «церабіць» або «тузаць») праз «украінскіх сакрэтных супрацоўнікаў» (так у СССР называлі інфарматараў чэкістаў), якія «там павыбіралі усё» – а яшчэ, маўляў «завуць беларускіх спартсменаў лукашыстамі». Хаця гэтае слова сам Лукашэнка ўжыў для абазначэння сваіх прыхільнікаў на «УНС» – так што крыўдзіцца Шантаровічу тут увогуле не з рукі.
Што ж, калі верыць спікерам з беларускага боку, то важным для МАК аказалася не сяброўства Літвінчук у «сілавым» «Дынама», не яе ўдзел у мерапрыемствах, якія пацвярджаюць яе адданасць рэжыму, – а менавіта ўзнагароджанні ад дыктатара. Апошняе такое для Літвінчук адбылося 14 студзеня 2022-га – на штогадовым «бале», які для рэжымнікаў ладзяць на Стары Новы год. А там Лукашэнка ўзнагароджваў і іншых спартсменаў, якія цяпер узялі ліцэнзіі на АГ-2022. Успомнім, хто гэта быў і ці меліся ў іх іншыя кантакты з дыктатарам.
Ванэса Каладзінская
У пачатку 2022-га Лукашэнка ўручаў барчысе значок «заслужанага майстра спорту» – Каладзінская выклала здымак рэжымнай узнагароды ў свой Instagram. Праз год Каладзінская пабывала на яшчэ адным такім жа «бале». А ў пачатку 2024-га атрымлівала ад Лукашэнкі новую ўзнагароду – прэмію «Беларускі спартыўны Алімп» «інструктару спартыўнай каманды» рэжымнага «МУС» выпісалі «за значны ўнёсак у развіццё фізічнай культуры і спорту».
Пасля гэтага НАК і мінспорту Украіны наўпрост запатрабавалі ў МАК не пускаць Каладзінскую на Гульні – але публічнага адказу не было. Сама барчыха ў гэтым красавіку казала, што ёй «вельмі хочацца даехаць» да АГ.
Ірына Курачкіна
У пачатку 2022-га атрымлівала тое ж званне «ЗМС», што і Каладзінская, таксама ўзяўшы срэбра АГ у Токіа ў барацьбе.
Пасля гэтага побач з дыктатарам барчыху публічна не заўважалі. Але ў 2023-м яна свяцілася побач з непрызнаным кіраўніком «алімпійскага камітэту» Віктарам Лукашэнкам у практычна родным для яго Шклоўскім раёне на майстар-класе. Спартсменка, якая адносіцца да «сілавога» таварыства «Дынама», не раз казала, што хоча ў Парыж. З допускамі ад міжнароднай федэрацыі барацьбы праблем не ўзнікла – Курачкіна, як і Каладзінская, выйграла лютаўскі ЧЕ, а потым была дапушчаная на адбор, дзе ўзяла алімпійскую ліцэнзію.
Магамедхабіб Кадзімагамедаў
Гэты натуралізаваны ў Беларусь барэц з Дагестана летам 2021-га таксама ўзяў срэбра АГ, пасля чаго дыктатар вырашыў выдаць яму свой ордэн «Пашаны». Незадоўга да цырымоніі барэц пашкодзіў калена, яму правялі аперацыю – і, па словах Кадзімагамедава, «спецыяльна датэрмінова выпісалі», каб ён не прапусціў сустрэчу з дыктатарам. Яго дагестанец у інтэрвʼю назваў «прэзідэнтам», а потым выклаў фота прымацавання ордэна ў свой Instagram.
З тых часоў побач з дыктатарам Кадзімагамедаў публічна не фіксаваўся – затое ў 2023-м паўдзельнічаў у фестывалі «НАК» Лукашэнка.
Іван Літвіновіч
Батутысту, які ў Токіа ўзяў золата, у пачатку 2022-га давалі ордэн «Айчыны» трэцяй ступені. На мерапрыемстве Літвіновіч вызначыўся прамовай адданасці – параўнаў узнагароду рэжымную з алімпійскай, дадаўшы, што ў яго «трасуцца рукі» ад гонару з нагоды прысутнасці на «бале». Фота з Лукашэнкам Літвіновіч паспяшаўся апублікаваць у сваім Instagram.
У пачатку 2023-га Літвіновіч пабываў на яшчэ адным «бале» дыктатара, а ў сярэдзіне таго ж года паднімаў чырвона-зялёны сцяг на адкрыцці Гульняў краін СНД. Таксама батутыст зняўся ў некалькіх відэа для «НАК». А ў 2024-м узяў ліцэнзію на АГ адначасова са сваёй дзяўчынай.
***
Іншыя беларускія атлеты, якія ўзялі ліцэнзіі на АГ, так блізка да Аляксандра Лукашэнкі ў апошнія гады не падбіраліся. Бывала, дыктатар кагосьці віншаваў са спартыўным вынікам (напрыклад, плыўца Іллю Шымановіча ў 2021-м), але не больш за тое. Некаторыя ўдзельнічалі ў актыўнасцях «НАК» (напрыклад, барэц Аляксандр Гуштын), але наўрад ці гэта будзе важным крытэрам для МАК. А вось калі там сурʼёзна паставяцца да свайго ж патрабаванні па адсутнасці кантрактаў з «сілавікамі», то праблемы могуць узнікнуць у добрай паловы ўладальнікаў ліцэнзій. Асабліва тут уражвае, што да спартыўнага камітэта ВС Лукашэнка адносіцца Дарʼя Чупрыс – яна, вядома, займаецца стральбой з вінтоўкі, але дзяўчыне ўсяго 16 гадоў.