Усе навіны

Вікторыя Чайка: «Са зборнай на Эльбрусе вырашылі падняцца на кіламетр, далей не змаглі спыніцца – так у красоўках падняліся на тры»

29 сакавіка 2023, 23:51

Галоўная трэнер зборнай Беларусі па кулявой стральбе Вікторыя Чайка расказала пра працу ў зборнай.

— Як сталі галоўным трэнерам нацыянальнай каманды?

— Год таму кіраўніцтва Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі прапанавала гэтую пасаду. Мне было вельмі цікава ўбачыць стральбу не толькі як спартсмену, але і як трэнеру. Першы час думала, што змагу сумяшчаць спартыўную дзейнасць і працу коўчам. Аднак вельмі хутка зразумела, што гэта практычна немагчыма. Адна справа, калі ўся ўвага сканцэнтравана на сабе, і зусім іншая, калі ўсе намаганні накіроўваеш на каманду з 25 чалавек. Пераключацца складана.

— Цяжкасці спачатку ўзнікалі?

— Першыя тры месяцы адчувала сапраўдны шок. З-за таго, што ўсё новае, было цяжка, працавала практычна без адпачынку. Бывала і такое, што сканчвала ў дзве ночы, а ўжо ў шэсць уставала. Праз год усё ўпарадкавалася. Таксама ў саміх спартсменаў былі моманты супраціву, таму што ўводзіліся новыя элементы працы. Для іх гэта быў пэўны стрэс. Усе звыклі займацца па сваёй методыцы, а тут нешта іншае. Да таго ж павялічылася нагрузка. Але пасля таго, як хлопцы ўбачылі вынікі такой працы, стала значна лягчэй. Не трэба ўжо прымушаць і пераконваць. І мне вельмі падабаецца трэнерства, цікава назіраць за спартсменамі, за іх ростам, спрабаваць укараняць новыя методыкі.

— Дарэчы, пра новаўвядзенні. Вы прыдумалі цікавую ідэю правядзення збораў. У чым яе сэнс?

— Пачалі выязджаць у сярэднегор’е і займацца агульнафізічнай падрыхтоўкай. Раней такое не прымянялася. Але ж трэба паднімаць узровень! Паход на Эльбрус першапачаткова ў нас быў запланаваны як экскурсія. А калі прыехалі да падножжа, вырашылі падняцца на кіламетр, дзе яшчэ не было снягі. Далей ужо не змаглі спыніцца. Вось так у красоўках падняліся на вышыню тры тысячы метраў. Вытрымалі гэта мужна. Памятаю, толькі пад канец вельмі стаміліся: 15 метраў пройдзем і адпачываем. Вельмі карысны досвед. Дасягненне вызначанай адзнакі прымусіла спартсменаў яшчэ больш паверыць у свае сілы. Ты змог пераадолець гэта, значыць, і на агнявым рубяжы справішся, — сказала Чайка.