Усе навіны

Генсак НПК Шудзейка пра адхіленні ад ПГ-2022: «Мяне прымушалі зрабіць палітычную заяву, асудзіць дзеянні ўрадаў Беларусі і Расіі. Натуральна, я адмовіўся»

1 снежня 2022, 12:43

Генеральны сакратар Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка пракаментаваў адхіленне беларускай зборнай ад удзелу ў Паралімпійскіх гульнях-2022 у Пекіне.

Нагадаем, што беларускіх спартсменаў, якія ўжо прыбылі ў Пекін, адхілілі ад удзелу ў спаборніцтвах на падставе парушэння алімпійскага перамір'я, бо 24 лютага Расія пачала вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«У той жа дзень, як атрымалі апавяшчэнне, што нас не дапускаюць да ўдзелу да Паралімпійскіх гульняў у Пекіне, [адправілі] адкрыты ліст на імя прэзідэнта МПК. Адказу не было.

Нас спрабавалі ўвесь час абвінаваціць, што мы ў маўчанку гуляем. Але гэта была гульня ў адны вароты. Мы пішам, мы пасылалі не адно апавяшчэнне, апеляцыі. Паколькі адхілілі нашых спартсменаў. Значыць мы апелявалі да таго: укажыце якія спартыўныя правілы мы парушылі. Завошта нашых спартсменаў адхіляюць ад удзелу ў спаборніцтвах. Чатыры месяцы разглядалася нашая апеляцыя. Атрымалі ў канцы ліпеня афіцыйны адказ, што мы нібыта нават не мелі права апеляваць, таму што мы не зразумелі, за што нас адхілілі.

Яшчэ раз было падкрэслена непрамым тэкстам, што нас адхілілі нібыта не па палітычных прычынах, а з-за таго, што мы з'яўляемся як бы ўдзельнікамі гэтага канфлікту.

Гэта значыць, нас пастаянна падштурхоўвалі да таго... аб'явіць... У першы дзень мяне прымушалі зрабіць палітычную заяву. З асуджэннем дзеянняў расійскага і беларускага ўрадаў. Натуральна, я адмовіўся ад гэтага. Гэта не мае функцыі. Я не прадстаўнік дыпмісій, не вайсковец.

З першага ж моманту адчувалася палітычная падаплёка, мусіць. Увесь час спрабавалі шукаць нейкія прычыны, і паравозам прыфастрыгоўвалі нас да ўсяго таго, што адбывалася, а менавіта да ваеннага канфлікту паміж Расіяй і Украінай», –  сказаў Шудзейка.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com