Аляксандр Чэрнік: «У матчы са зборнай Італіі можна вырашыць галоўную задачу – выйсці ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы»
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па міні-футболе Аляксандр Чэрнік падзяліўся чаканнямі ад пятага матча ў рамках кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026 супраць каманды Італіі.
Матч адбудзецца 11 красавіка, старт – у 21.00.
– Ці можна сцвярджаць, што гульня супраць зборнай Італіі – самая важная ў адборачным туры?
– З аднаго боку, у матчы са зборнай Італіі можна вырашыць галоўную задачу – выйсці ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. А значыць, яго можна прыраўноўваць да фіналу. Але ў той жа час ёсць разуменне, што нават нічыя пакідае нам шанцы фінішаваць у гурце першымі. Для гэтага трэба будзе затым абыгрываць Мальту з розніцай мінімум у шэсць мячоў. Што цалкам рэальна.
Але ў любым выпадку мы будзем граць толькі на перамогу. Ёсць канкрэтны матч, які трэба згуляць на максімуме магчымасцей. Мы не будзем глядзець на жоўтыя карткі, берагчы некага. Перад першым матчам супраць зборнай Фінляндыі ў нас быў такі ж настрой. Я тады казаў: «сёння трэба перамагаць». Перад другой гульнёй – тое ж самае. Разумелі, што абмяняйся мы перамогамі з фінамі, то пры самым горшым раскладзе можам нават не стаць другімі. Таму суперніцтва з Суомі было для нас своеасаблівым плэй-оф. Так і зараз. Ёсць шанц стаць першымі.
– Чагосьці новага чакаеце ад зборнай Італіі?
– Мы разумеем, што калі хочам перамагчы, то трэба гнуць сваю лінію, выходзіць на гульню са сваёй стратэгіяй. У італьянцаў змяніўся склад, у прыватнасці дадаўся вопытны 38-гадовы Аляк Мерлім. У першым матчы з намі ён адсутнічаў. Кажуць, ён меў нейкае непаразуменне з трэнерамі. Мы тады нават выдыхнулі. Усё ж гэта адзін з найлепшых гульцоў свету.
Італьянцы таксама цудоўна разумеюць важнасць маючага адбыцца матчу. Тым больш яны не гулялі на апошнім чэмпіянаце свету, а на Еўра выступілі няўдала. І зараз супраць беларусаў ім, мякка кажучы, не вельмі хочацца спатыкнуцца, – сказаў Чэрнік.