Аляксандр Апейкін: «Мы бачым, якія зараз складанасці ў Азаранка. Бачым, што ў яе ёсць унутраныя, маральныя пакуты»
Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін распавёў пра сітуацыю з Вікторыяй Азаранка і з яе нядопускам да дабрачыннага турніру ў падтрымку Украіны.
– Мы бачым, якія зараз складанасці ў Вікторыі Азаранка. Бачым, што ў яе ёсць унутраныя, маральныя пакуты, бо яна не выказалася своечасова, а гэта трэба рабіць своечасова. Бо калі ты гэта робіш, калі ўжо паўгады ідзе вайна, то зразумела, што ты гэта робіш кан’юнктурна. А зараз бачна, што сур’ёзныя пакуты ўнутраныя ў чалавека. Яе нават не дапусцілі да гэтага дабрачыннага турніру, дзе яна хацела, магчыма, і выказаць сваю пазіцыю, не выказваючы нічога. Сам факт удзелу Азаранка ў дабрачынным турніры, каб дапамагчы Украіне – гэта ўжо нібы пазіцыя.
– Можа, няправільна зроблена было?
– Можа, і няправільна, але людзі, якія дамагаліся адхілення яе ад гэтага турніру, зачапіліся за тое, што калі пачалася вайна, Азаранка не выказала падтрымку ўкраінцам, украінскім тэнісістам нават у прыватных размовах, – сказаў Апейкін.