Усе навіны

Сабаленка пра памылкі на падачы: «Сама сябе пачала сцябаць. Тое, што адбывалася, было рэальна смешна. Нікому такога не пажадаю»

23 студзеня 2023, 15:32

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка распавяла, як змагалася з леташнімі памылкамі на падачы.

– Арына, летась пра вашы праблемы з падачай казалі ўсе, але ў нейкі момант вы сталі з гумарам ставіцца да сітуацыі. Ці дапамагло менавіта такое стаўленне і нейкая дадатковая праца над падачай была праведзена?

– Мне здаецца, адзіны спосаб справіцца з чымсьці для цябе цяжкім – гэта гумар. Я ўжо стамілася ад усяго гэтага ціску наконт падачы – як быццам ты не працуеш і нічога не робіш.

Настолькі стамілася, што ўжо сама сябе пачала сцябаць. Тое, што адбывалася, было рэальна смешна. Нікому такога не пажадаю.

Спрабавалі вельмі шмат чаго, думалі ўжо, што і з галавой праблемы, і з тэхнікай, і няправільна працуем. Ужо думалі, што ўсё няправільна. У выніку пачалі працаваць са спецыялістам па біямеханіцы, які дапамагаў іншым хлопцам з падачай.

Шмат новага для сябе даведалася: нават калі ў мяне была суперпадача, яна была не супер, а на ліміце. Памятаю, сапраўды, што ў важныя моманты ў мяне падача правальвалася праз тое, што немагчыма было падаць пад ціскам з такой тэхнікай. Гэта адзіная рэч, якая дапамагла: памянялі біямеханіку, стала больш разумець, як гэта працуе.

– Паўфінал US Open, фінал выніковага турніру – чаму вас навучылі тыя паразы і ў чым трэба дадаць, каб зрабіць фінальны крок?

– Адзінае, чаго мне не хапае, – стрыманасці, спакою на корце, разумення, што будуць шанцы вярнуцца. Трэба быць спакойнай і працаваць, а не сыходзіць у негатыўныя эмоцыі. Спадзяюся, тое, якая я цяпер на корце, сапраўды дапаможа мне зрабіць гэты крок, – сказала Сабаленка.