Усе навіны

Амбасадар Украіны ў Аўстраліі Мірашнічэнка пра зʼяўленне бацькі Джокавіча з расійскім сцягам: «Ганьба»

27 студзеня 2023, 11:50

Амбасадар Украіны ў Аўстраліі Васіль Мірашнічэнка пракаментаваў відэа, на якім бацька сербскага тэнісіста Новака Джокавіча пазіраваў з гледачамі, якія прынеслі на Australian Open сцяг РФ з партрэтам Пуціна.

«Гэта недапушчальна. Гэта ганьба для турніру. Неабходна прыняць адпаведныя меры.

Важна спытаць у Новака Джокавіча яго меркаванне наконт сітуацыі. Ён падтрымлівае Пуціна? Ён падтрымлівае вайну ва Украіне? Што ён думае пра паводзіны свайго бацькі?», – сказаў Мірашнічэнка.

Срджан Джокавіч, бацька 21-разовага чэмпіёна турніраў «Вялікага шлема» Новака Джокавіча, у ноч на 26 студзеня пазіраваў на відэа з чалавекам, які прыйшоў на Australian Open са сцягам Расіі з партрэтам Уладзіміра Пуціна і ў футболцы з літарай Z, сімвалам падтрымкі акупацыйнай арміі Расіі, якая з 24 лютага працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Такая сімволіка афіцыйна забаронена на турніры.