Федэрацыя тэніса Украіны: «Лукашэнка хвалiцца перамогай Сабаленкі – так агрэсары карыстаюць сваіх атлетаў для прапаганды людажэрскай ідэалогіі»
Федэрацыя тэніса Украіны звярнулася да міжнароднай тэніснай супольнасці наконт перамогі Арыны Сабаленкі на Australian Open.
«Мы неаднаразова заклікалі забараніць выступы ўсіх без выключэння расійскіх і беларускіх спартсменаў на ўсіх сусветных арэнах. Справа нават не ў саміх спартсменах, хаця многія з іх з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі сваіх таталітарных рэжымаў і горача падтрымліваюць крывавую вайну супраць Украіны, а некаторыя нават фармальна служаць ва ўзброеных сілах.
Галоўным момантам, які мы жадаем адзначыць, з'яўляецца тое, што дзяржавы-агрэсары выкарыстоўваюць любыя дасягненні сваіх атлетаў для прапаганды і ўсхваленні ўласнай сістэмы і людажэрскай ідэалогіі.
Прыклад Арыны Сабаленкі, якая выйграла Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, з'яўляецца сведчаннем справядлівасці вышэйпрыведзенай тэзы. Пасля трансляцыі паўфіналу і фіналу спаборніцтваў, які пірацкім метадам з'явіўся ў эфіры нацыянальнага беларускага тэлеканала, што само па сабе з'яўляецца парушэннем міжнароднага права, самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка выхваляецца перамогай беларускай тэнісісткі і ўзнімае келіх за яе поспех.
Яго зусім не турбуе тое, што Сабаленка выступае пад нейтральным сцягам, як таго патрабуюць міжнародныя тэнісныя арганізацыі. Для яго, як у прынцыпе і для многіх іншых, яна прадстаўляе Беларусь і праслаўляе менавіта яе.
Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі паказаў і іншыя прыклады таго, што спартсменаў без сцягоў ніхто не адлучае ад іх краін. Вакханалія з расійскімі сцягамі і фатаграфіямі на фоне партрэтаў ваеннага злачынца Пуціна з'яўляецца яшчэ адным аргументам змяніць памылковыя рашэнні.
Гэтыя падзеі яскрава дэманструюць, што спорт не «па-за палітыкай». Наадварот, ён увасабляе сабой адзін з палітычных напрамкаў. Ён выкарыстоўваецца рэжымамі ў сваіх прапагандысцкіх мэтах.
Можна па-рознаму ставіцца да канкрэтных спартсменаў з тых ці іншых дзяржаў. Але як можна ўспрымаць краіны-агрэсары, якія заліваюць Украіну крывёй? Яны павінныя быць пакараныя ўжо сёння.
Забарона выступленняў спартсменаў на міжнародных арэнах – адзін з дзейсных сродкаў ізаляцыі Расіі і Беларусі. Гэты сродак неабходна ўжыць як мага хутчэй замест таго, каб падаваць агрэсарам пляцоўкі для іх самапіяру.
Заклікаем ізаляваць расійскіх і беларускіх спартсменаў у межах іх дзяржаў неадкладна», – паведаміла федэрацыя.
У фінале Australian Open беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая выступае ў нейтральным статусе, адолела расіянку Алену Рыбакіну, якая прадстаўляе Казахстан.
Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.