Федэрацыя тэніса Украіны: «Калі расіян і беларусаў дапускаюць да спаборніцтваў, трэба з імі гуляць і іх перамагаць, а не пазбягаць бітвы»

20 сакавіка, 16:27
0

Федэрацыя тэніса Украіны звярнулася ў НАК і Міністэрства моладзі і спорту Украіны аб магчымай забароне ўкраінскім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах, дзе выступаюць расіяне і беларусы.

«Федэрацыя тэніса Украіны сумесна з вядучымі гульцамі нацыянальных зборных Украіны па тэнісе звяртаецца ў НАК Украіны і Міністэрства моладзі і спорту Украіны з агульнай заявай аб магчымай забароне ўкраінскім спартоўцам удзельнічаць у спаборніцтвах, да якіх дапушчаныя прадстаўнікі краін-агрэсараў.

Міжнародная федэрацыя тэніса была першай з найбуйнейшых федэрацый, якая спыніла членства нацыянальных федэрацый Расіі і Беларусі. Каманды гэтых краін дыскваліфікаваныя ва ўсіх без выключэння камандных спаборніцтвах, у тым ліку Кубак Дэвіса і Кубак Білі Джын Кінг, дзе расіяне былі дзеючымі чэмпіёнамі абодвух спаборніцтваў.

Допуск індывідуальных спартсменаў ажыццяўляецца толькі пад нейтральным белым сцягам. Прафесійныя тэнісныя туры ATP і WTA падтрымалі такое рашэнне і ўвялі такія ж абмежаванні. Нажаль, нягледзячы на ўсе спробы Федэрацыі тэніса Украіны і прафесійных гульцоў, кіруючыя органы тэніса не адхілілі індывідуальных атлетаў.

Гэтым зваротам мы выказваем агульную пазіцыю адносна магчымага рашэння НАК аб поўным байкоце ігракамі ўсіх міжнародных турніраў, дзе гуляюць расіяне ці беларусы. Такое рашэнне прывядзе да разбурэння ўкраінскага тэніса, бо ігракі з гэтых краін прымаюць удзел амаль у кожным спаборніцтве. Такое рашэнне стане санкцыяй не супраць агрэсараў, а супраць украінцаў, якія кожны на сваім узроўні прасоўваюць праўкраінскую пазіцыю ў кожным кутку свету, дзе яны гуляюць.

Мы можам страціць сур'ёзны рычаг у інфармацыйнай вайне, не зможам асвятліць усе жахі, якія адбываюцца апошні год у нашай краіне. Мы ўпэўненыя, што кожны мусіць быць карысны на сваім месцы. Калі пазбавіць тэнісістаў магчымасці выступаць на спаборніцтвах, значыць страціць адзін з участкаў фронта.

Калі расіян і беларусаў дапускаюць да спаборніцтваў, трэба з імі гуляць і перамагаць, а не пазбягаць бітвы. Як робяць нашы хлопцы ў ВСУ на фронце і ўсе свядомыя грамадзяне, кожны на сваім месцы.

Мы выступаем з пазіцыяй працягваць выступаць на міжнародных спаборніцтвах, актывізаваць барацьбу за адхіленне гульцоў з Расіі і Беларусі. Біць іх на кортах па ўсім свеце.

Мы павінны прасоўваць нашы агульныя ідэі і каштоўнасці па свеце і дапамагаць ВСУ. Дапамагаць пацярпелым ад жахлівай вайны ўкраінцам, наколькі гэта кожны можа рабіць», – гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.