Усе навіны

Брытанская асацыяцыя тэніса дапусціць расіян і беларусаў да спаборніцтваў у нейтральным статуце пасля асуджэння вайны ва Украіне

31 сакавіка 2023, 14:31

Брытанская асацыяцыя тэніса (LTA) паведаміла аб допуску расійскіх і беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў пад нейтральным сцягам.

«20 красавіка 2022 года LTA абвясціла аб сваім рашэнні забараніць усім расійскім і беларускім гульцам наведваць свае мерапрыемствы. Як было сказана тады, мы хацелі паслаць «выразны сігнал расійскай і беларускай дзяржавам, што іх дзеянні ва Украіне з’яўляюцца прадметам міжнароднага асуджэння».

Мы і далей лічым, што гэта быў правільны курс дзеянняў, і хочам падзякаваць усім, хто яго падтрымліваў. Мінуў год, а пакуты народа Украіны ў выніку вайны ў іх краіне не спыняюцца. Праблемы ў тэнісе ці спорце параўнальна малаважныя.

Аднак нашае леташняе рашэнне забараніць расійскім і беларускім гульцам наведваць нашыя турніры прывяло да значных санкцый, накладзеных на нас турамі ATP і WTA, уключаючы рэальную перспектыву спынення нашага сяброўства, калі мы паўторым забарону ў 2023 годзе.

Гэта азначала б адмену нашых прафесійных тэнісных спаборніцтваў у Квінсе, Істборне, Бірмінгеме і Нотынгеме сёлета і ў будучыні. Мы ўвесь час выступаем супраць гэтых санкцыяў і застаемся глыбока расчараванымі пакараннямі, накладзенымі на нас.

Уплыў выключэння LTA з тураў на брытанскі тэніс быў бы вельмі згубным для гэтага віду спорту ў нашай краіне. Уплыў адчулі б мільёны балельшчыкаў, якія сочаць за гэтым спортам, гэта паўплывала б на трэнераў і арэны, разлічаныя на такія спаборніцтвы. Таксама гэта паўплывала б на прыцягненне новых ігракоў і, вядома, на прафесійных брытанскіх тэнісістаў.

Улічваючы гэта і нашу адказнасць як нацыянальнага кіруючага органа тэніса ў Брытаніі, мы цесна супрацоўнічалі з урадам Вялікабрытаніі, ATP, WTA і ITF, а таксама All England Club, каб знайсці рашэнне на 2023 год. Мы хацелі б падзякаваць усім бакам за канструктыўны падыход да гэтых дыскусіяў.

Нашая пазіцыя падтрымкі народа Украіны застаецца нязменнай у 2023 годзе, як і нашая занепакоенасць тым, што расійскія і беларускія рэжымы атрымліваюць рэпутацыйныя і іншыя перавагі, спрабуючы асацыяваць сябе з гульцамі. Тым не менш, мы ведаем, што расійскія і беларускія ігракі ў мінулым годзе гулялі ў турах як нейтральныя спартсмены.

Прымаючы гэтыя меркаванні разам, мы пагадзіліся, што ўсе расійскія і беларускія гульцы і дапаможны персанал, якія жадаюць прыняць удзел у нашых падзеях у 2023 годзе, павінны будуць падпісаць дэкларацыі пра нейтралітэт. Гэта адпавядае ўказанням урада Вялікабрытаніі і з’яўляецца падыходам, які выкарыстоўваўся ў іншых відах спорту.

Гэтая новая дэкларацыя будзе дзейнічаць ва ўсіх падзеях LTA з пачатку сезона на травяных кортах у Сербітоне. Адпаведнасць дэкларацый аб нейтралітэце гульца будзе рэгулявацца і забяспечвацца турамі.

Будзе таксама падыход нулявой цярпімасці да любых сцягоў, сімвалаў ці іншых дзеянняў, якія падтрымліваюць Расію, Беларусь ці вайну ад каго-небудзь на нашых пляцоўках, уключаючы гульцоў і гледачоў», – гаворыцца ў паведамленні.