Усе навіны

Сабаленка пра Касцюк: «Я разумею, чаму ўкраінкі не паціскаюць нам рукі. Яна не заслужыла, каб яе асвісталі»

28 траўня, 16:14

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пасля перамогі над украінкай Мартай Касцюк адрэагавала на свіст трыбун.

Гледачы асвісталі Касцюк за тое, што яна не паціснула руку Сабаленкa. Беларуска падумала, што свішчуць у яе адрас, і саркастычна пакланілася.

– Я не магла зразумець, што адбываецца. Таму што мы ўсе ведаем, што ўкраінскія дзяўчаты не паціскаюць нам рукі, таму нас гэта нібыта не здзіўляе, але, напэўна, сёння для гледачоў гэта стала нечаканасцю. Яны ўбачылі ў гэтым непавагу да мяне як да гульца, таму яе асвісталі.

Але спачатку я вырашыла, што асвістваюць мяне. Я крыху разгубілася і падумала: «Добра, што мне рабіць?». Я паразмаўляла з камандай, каб пераканацца, што ўсё правільна зразумела. Потым я разабралася, што адбываецца, і тады падзякавала гледачам, папрасіўшы прабачэння за тое, што зрабіла спачатку.

– Магу я спытаць вас пра пасляматчавы поціск рукі? Вы сказалі, што гледачы палічылі гэта непавагай. Вы лічыце непавагай тое, што яны не паціскаюць вам руку, і як вы думаеце, яна заслужыла свіст у свой адрас?

– Я так не лічу. Я разумею, чаму яны не паціскаюць нам рукі. Я магу ўявіць рэакцыю з украінскага боку, калі яны будуць паціскаць нам рукі. Так што я разумею гэта. І разумею, што гэта не адносіцца да мяне асабіста. Вось і ўсё.

Яна не заслужыла, каб яе так праводзілі з корта, – сказала Сабаленка.